БЕЛ Ł РУС

На складах найбуйнейшых сусветных вытворцаў назапасілася рэкордная колькасць алкаголю

20.01.2026 / 17:23

Nashaniva.com

Найбуйнейшыя сусветныя вытворцы моцнага алкаголю сутыкнуліся з рэзкім падзеннем попыту, у выніку чаго на іх складах назапасіліся нерэалізаваныя запасы спіртнога на суму каля 22 мільярдаў даляраў. Як піша Financial Times, гэта самы высокі ўзровень складскіх запасаў амаль за апошнія дзесяць гадоў.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Лішкі алкаголю назапасіліся ў такіх кампаній, як Diageo, Pernod Ricard, Campari, Brown Forman і Rémy Cointreau. Напрыклад, у французскага вытворцы каньяку Rémy Cointreau запасы ацэньваюцца прыкладна на 1,8 мільярда еўра — гэта амаль удвая больш за гадавую выручку кампаніі і сума, блізкая да яе рынкавай капіталізацыі.

З-за перапоўненых складоў кампаніі вымушаныя скарачаць вытворчасць і нават часова закрываць заводы. Японская група Suntory, напрыклад, спыніла працу свайго асноўнага завода па вытворчасці бурбону Jim Beam у амерыканскім штаце Кентукі як мінімум на год. Кампанія Diageo прыпыніла выпуск віскі на прадпрыемствах у Тэхасе і Тэнесі да лета.

Каб распрадаць запасы, вытворцы таксама зніжаюць цэны. Так, у перыяд пандэміі бутэлька каньяку Hennessy у ЗША каштавала да 45 даляраў, а цяпер цана знізілася прыкладна да 35 даляраў.

Аналітыкі адзначаюць, што праблема ўзнікла пасля рэзкага нарошчвання вытворчасці падчас пандэміі COVID-19, калі попыт на алкаголь істотна вырас. Аднак у 2021—2022 гадах стала зразумела, што гэты рост не будзе доўгатэрміновым, і попыт пачаў падаць.

Сярод асноўных прычын — інфляцыя, скарачэнне даходаў насельніцтва, а таксама змены ў грамадскіх звычках. Усё больш людзей адмаўляецца ад моцнага алкаголю на карысць здаровага ладу жыцця, у тым ліку пад уплывам папулярнасці сродкаў для зніжэння вагі, такіх як Ozempic.

Чытайце таксама:

У Беларусі забаранілі прадаваць піва ў вялікіх бутэльках

Вытворца бурбону Jim Beam на год закрывае свой асноўны завод

«Шато дэ Пакет»: у сацсетках жартуюць з таго, што «Белавія» пачала наліваць на рэйсах непрыстойна таннае віно

Каментары да артыкула