БЕЛ Ł РУС

ВУП Беларусі вырас у тры разы менш, чым планавалася. Чаму так і чаго чакаць ад 2026-га?

22.01.2026 / 10:00

Nashaniva.com

Урад планаваў, што рост ВУП за 2025 год складзе 4,1%, але рэальнасць аказалася далёка не такой.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Прагнозы не спраўдзіліся

У 2025 годзе ВУП склаў 94,4 мільярда даляраў. Прырост — усяго 1,3%, што ўтрая менш за запланаванае.

«Цуду не адбылося — фактычны рост аказаўся значна ніжэйшы за прагназаваны ўрадам, але гэта было чакана, паколькі з пачатку 2025 года назіралася зніжэнне тэмпаў росту эканомікі», — адзначае эксперт BEROC Настасся Лузгіна.

Эканаміст кажа, што калі ў студзені быў прырост 3,8%, то па выніках першага паўгоддзя рост складаў +1,3%.

«У жніўні-верасні гэты паказчык падрос, але да канца года зноў пачаў падаць. У лістападзе зноў было +1,3%, як і ў цэлым па выніку года».

Чаму тады ўзялася планка ў 4,1%?

«Магчыма, так адбылося, таму што ў 2024 годзе выйшлі на 4% росту, вось і падумалі, што ў 2025‑м змогуць вырасці яшчэ больш», — мяркуе Лузгіна.

Пры гэтым, на думку эксперта, аб'ектыўных перадумоў даваць такі аптымістычны прагноз было мала.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Беларуская эканоміка моцна залежыць ад расійскай, і калі ў 2024‑м ВУП Расіі вырас на 4,3%, то на 2025 год такіх высокіх прагнозаў па РФ не было. Прырост ВУП Расіі на 2025 і 2026 гады прагназуецца ў межах 1%.

Таму запланаваны прырост ВУП Беларусі на 2,8% за 2026 год таксама выглядае занадта аптымістычным сцэнаром», — лічыць эксперт.

На думку Лузгіной, у 2026 годзе расійская эканоміка захавае павольны рост, а паспяховай пераарыентацыі на іншыя рынкі ў Беларусі не назіраецца.

«Калі глядзець па краінах па-за СНД, то экспарт у нас прасядае, а па СНД — застаецца прыблізна на тым жа ўзроўні. Таму ў дадатак да складанасцяў на расійскім кірунку праз нізкі попыт з боку эканомікі РФ у нас дадаецца рэгрэс у гандлёвых стасунках з іншымі краінамі», — тлумачыць эканаміст.

Таксама Лузгіна звяртае ўвагу на той факт, што яшчэ ў 2024 годзе эканоміка Беларусі працавала на вялікіх абаротах і для далейшага росту патрэбныя былі вытворчыя і тэхналагічныя зрухі.

Чаго чакаць ад 2026-га?

Што тычыцца 2026 года, то, на думку Анастасіі Лузгіной, цяпер не назіраецца ніякіх перадумоў да таго, каб рост эканомікі значна паскорыўся.

«Таму, зыходзячы з дадзеных тэндэнцый, можна меркаваць, што паказчыкі росту ВУП у 2026 годзе будуць падобнымі да леташніх. У 2025 годзе ўлады ставілі на рост за кошт інвестыцый, і тое ж будаўніцтва сапраўды ўнесла свой уклад у рост ВУП, але ў гэтым годзе рост інвестыцый чакаецца ўжо не такі актыўны. Таму, хутчэй за ўсё, дынаміка росту ВУП, як і летась, будзе ў раёне каля 1,5%».

Што ў суседзяў?

У Польшчы за мінулы год эканоміка вырасла на 3,2%, пераваліўшы за 1 трыльён даляраў, а ў Літвы — на 2,7%, да больш чым 81 мільярда даляраў. Абедзве краіны прагназуюць падобны адсотак росту ВУП і ў 2026 годзе.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула