БЕЛ Ł РУС

Рыжанкоў спадзяецца на хуткае аднаўленне адносін з Польшчай, але не з Літвой

21.01.2026 / 15:26

Nashaniva.com

Польшча — «краіна, якая бачыць сябе рэальным рэгіянальным лідарам і робіць усё, каб гэтага дасягнуць, праводзіць прагматычную палітыку, у якой не можа дапускаць «белых плям». Шлях з нашымі беглымі — гэта шлях у нікуды. Думаю, яны гэта зразумеюць». Пра гэта міністр замежных спраў заявіў у інтэрв'ю БелТА.

«Калі шчыра, найбольш я разлічваю на тое, што найхутчэй узаемадзеянне адновіцца з Польшчай. Гэта краіна, якая бачыць сябе рэальным рэгіянальным лідарам і робіць усё, каб гэтага дасягнуць, — праводзіць прагматычную палітыку, у якой не можа дапускаць «белых плям». Шлях з нашымі беглымі [лукашэнкаўцы выкарыстоўваюць гэты абразлівы выраз з тэрміналогіі расійскага прыгонніцтва для людзей, якія пакінулі Беларусь, ратуючыся ад рэпрэсій — НН] — гэта шлях у нікуды. Думаю, яны гэта зразумеюць, падвядуць рысу пад гэтай гісторыяй і пачнуць выбудоўваць супрацоўніцтва ў інтарэсах народаў абапал мяжы, вяртацца да гандлёва-эканамічнага і міжчалавечага ўзаемадзеяння з Беларуссю», — сказаў Максім Рыжанкоў.

А вось Літва, на думку міністра, — краіна, у якой палітыкі не збіраюцца думаць пра свой народ.

«Сваімі пасадамі яны абавязаны не літоўскаму народу, а брусельскім ці вашынгтонскім абкамам. І будуць рабіць усё, што ім адтуль скажуць. Таму яны непрадказальныя. Цяжка працаваць з партнёрам, які прачынаецца з галаўным болем, а засынае — з зубным, праз гэта ў яго пастаянна змяняецца настрой. І калі адкрыецца акно магчымасцяў для аднаўлення супрацоўніцтва, трэба будзе некалькі разоў падумаць, наколькі варта гэтае акно адчыняць і ці трэба яго наогул адчыняць», — сказаў Максім Рыжанкоў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула