Памерла Святлана Гальдадэ
У Гомелі памерла Святлана Гальдадэ, якая ў часы гарбачоўскай перабудовы ў СССР была старшынёй Гомельскага гарсавета і выканкама. На сваёй пасадзе яна спрыяла развіццю ў горадзе дзейнасці дэмакратычных і нацыянальных сілаў.
Святлана Гальдадэ. Фота: «Зялёны партал»
«Лёс вызначыў так, што я тры гады працаваў пад яе началам у якасці намесніка. Нас выбраў нялегкі час, калі сацыяльна-эканамічныя катаклізмы здаралісь што ні дзень. То раптоўна знікаў тытунь, то цукар, то ўсё разам. Алею ў агонь падлівала старая наменклатура, якая, па мойму, так і не ўспрыняла Святлану Канстанцінаўну за роўную сабе.
Але падтрымкай быў гарадскі савет, адзіны прадстаўнічы орган улады ў Беларусі, дзе антыкамуністычныя сілы мелі большасць», — напісаў у фэйсбуку адзін з лідараў тагачаснага дэмакратычнага руху ў Гомелі, дэпутат З'езда народных дэпутатаў СССР Віктар Карнеенка.
Удзельнічала змаганні за дэмакратычную Беларусь Святлана Гальдадэ і пасля сваёй адстаўкі з высокай пасады, калі да ўлады ў краіне прыйшоў Аляксандр Лукашэнка. Яна была актывісткай Аб'яднанай грамадзянскай партыі і дапамагала праваабарончым арганізацыям, у тым ліку падаючы скаргі на парушэнні правоў грамадзян у міжнародныя структуры.