БЕЛ Ł РУС

Трамп вырашыў не ўводзіць пошліны за Грэнландыю і заявіў, што здзелка наконт вострава сфармуляваная

22.01.2026 / 07:47

Nashaniva.com

«Гэта пагадненне, калі яно будзе канчаткова аформлена, стане выдатнай угодай для Злучаных Штатаў Амерыкі і для ўсіх краін НАТА», — сказаў прэзідэнт ЗША.

Фота: AP Photo / Alex Brandon

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, які раней абяцаў пакараць еўрапейцаў дадатковымі пошлінамі за абарону Грэнландыі, у сераду абвясціў, што пакуль не будзе іх уводзіць. Гэтую заяву Трамп зрабіў у сваёй сацсетцы Truth Social пасля сустрэчы ў Давосе з генеральным сакратаром НАТА Маркам Рутэ, паведамляе Бі-бі-сі.

«На падставе вынікаў вельмі прадуктыўнай сустрэчы, якую я меў з генеральным сакратаром НАТА Маркам Рутэ, мы сфармулявалі рамкі будучай здзелкі адносна Грэнландыі і, фактычна, усяго Арктычнага рэгіёна, — напісаў Трамп. — Гэта пагадненне, калі яно будзе канчаткова аформлена, стане выдатнай угодай для Злучаных Штатаў Амерыкі і для ўсіх краін НАТА. Зыходзячы з гэтага разумення, я не буду ўводзіць тарыфы, якія планавалася ўвесці з 1 лютага».

Далей прэзідэнт ЗША паведаміў, што ЗША вядуць перамовы пра «Залаты купал» і Грэнландыю. «Залаты купал» — гэта грандыёзная сістэма супрацьракетнай абароны, аб пачатку ўзвядзення якой Трамп абвясціў у мінулым годзе.

Паводле слоў Трампа, далейшымі перамовамі будуць займацца віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс, дзяржсакратар Марка Рубіа, спецпасланнік Стыў Уіткаф і іншыя.

Пра «Залаты купал» у сувязі з Грэнландыяй Трамп згадваў і ў сваім выступленні на агульнай сесіі форуму ў Давосе.

Сустрэча з Рутэ адбылася «на палях» форуму.

Неўзабаве пасля публікацыі паста пра адмову ад пошлін Трамп заявіў тэлекампаніі CNBC, што цяпер на стале перамоваў ёсць «канцэпцыя ўгоды», і яна адпавядае таму, чаго ён хацеў у дачыненні да Грэнландыі.

Больш падрабязна пра сутнасць гэтай угоды Трамп гаварыць адмовіўся, заявіўшы, што яна «трошкі складаная» і што бакі раскажуць пра яе больш па меры ходу перамоваў.

Паводле слоў Трампа, Марк Рутэ абмеркаваў гэтае будучае пагадненне з Даніяй і іншымі краінамі НАТА. «Гэтая здзелка будзе назаўсёды», — дадаў прэзідэнт ЗША.

Грэнландыя на правах аўтаноміі ўваходзіць у склад Даніі. Міністр замежных спраў Даніі Ларс Лёке Расмусэн назваў апошнія заявы Трампа пазітыўнымі знакамі.

«Трамп сказаў, што ставіць на паўзу гандлёвую вайну, ён сказаў: «я не буду нападаць на Грэнландыю» — гэта пазітыўныя сігналы», — сказаў Расмусэн у інтэрв’ю дацкаму тэлебачанню ўвечары ў сераду. Ён таксама адзначыў, што Трамп правёў «добрую размову» з генеральным сакратаром НАТА.

Якой будзе роля Даніі ў дамоўленасцях, пра якія напісаў Трамп, пакуль невядома.

Кіраўнік МЗС Даніі ў тым жа інтэрв’ю яшчэ раз падкрэсліў, што суверэнітэт над Грэнландыяй ЗША не атрымаюць.

«Гэтага не будзе, ЗША не будуць валодаць Грэнландыяй. Гэта — чырвоная лінія», — сказаў Ларс Лёке Расмусэн.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула