БЕЛ Ł РУС

Былы кіраўнік «Укрэнерга» загінуў ад удару току. Ён наладжваў сістэму пасля расійскіх удараў

22.01.2026 / 14:02

Nashaniva.com

Аляксею Брэхту было 47 гадоў.

Таленавіты інжынер загінуў 21 студзеня на Кіеўшчыне, кіруючы аднаўленнем аднаго з аб’ектаў пасля расійскіх удараў. Яго ўдарыла электрычным токам, піша Бі-бі-сі — Украіна.

Аляксей Брэхт кіраваў аднаўленнем энергасеткі пасля сотняў удараў, ствараў крэатыўныя тэхнічныя рашэнні, якія адраджалі з попелу выключальнікі, трансфарматары і нават цэлыя падстанцыі. Так Уладзімір Кудрыцкі, былы кіраўнік «Укрэнерга», успамінае свайго сябра і калегу.

У 2024—2025 гадах Аляксей Брэхт узначальваў «Укрэнерга», а пасля гэтага адказваў за эксплуатацыю і аднаўленне сеткі.

«Тое, што Аляксей пайшоў з жыцця, асабіста кантралюючы рамонтныя работы на аб’ектах крытычнай энергетычнай інфраструктуры, — трагічнае, але вельмі красамоўнае сведчанне таго, якой ён быў асобай. Ён шчыра верыў, што лідарства — гэта асабістая прысутнасць там, дзе гэта найбольш важна», — заявілі ў назіральнай радзе «Укрэнерга».

«Яго ўнёсак ва ўстойлівасць аб’яднанай энергетычнай сістэмы Украіны цяжка пераацаніць», — дадалі ў Міністэрстве энергетыкі Украіны.

«Менавіта пад яго кіраўніцтвам брыгады «Укрэнерга» навучыліся замяняць магістральныя трансфарматары ў 4—6 разоў хутчэй, чым аператары еўрапейскіх энергасістэм, працаваць пад напружаннем 750 000 вольт; менавіта пад яго кіраўніцтвам былі распрацаваныя ўкрыцці для трансфарматараў і падземных пунктаў кіравання», — адзначыў Уладзімір Кудрыцкі.

Ён назваў Брэхта «мозгам «Укрэнерга», сутнасцю той інжынернай крэатыўнасці, дзякуючы якой украінскімі энергетыкамі захапляецца ўвесь свет».

Ён нагадаў, што «Укрэнерга» атрымала дзве прэміі Амерыканскага інстытута Эдысана, якія з’яўляюцца энергетычным аналагам «Оскара» ў кінематографе.

Былы кіраўнік «Нафтагазу» Андрэй Кобалеў распавёў пра Аляксея Брэхта як пра чалавека, «які мог з немагчымага зрабіць магчымае» і дапамагаў «знайсці рашэнні ў надзвычай складаных сітуацыях».

«Загінуў добры таварыш, выдатны менеджар і фантастычны інжынер. Значная частка тых інжынерных рашэнняў, якія пад наваламі маскавітаў дагэтуль дазваляюць трымацца энергетычнай сістэме Украіны, была народжаная Аляксеем Брэхтам або пры яго непасрэдным удзеле», — распавёў Аляксандр Харчанка, дырэктар Цэнтра даследаванняў энергетыкі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула