У Індыі жабрак з праказай аказаўся ўладальнікам нерухомасці, аўтамабіля і бізнэсу
Сапраўдны мільянер з трушчобаў!
«Мільянер з трушчоб» Мангілал. Фота: IndiaToday / Х
Як паведамляе Daily Mail, у індыйскім горадзе Індор улады сутыкнуліся з гісторыяй, якая выглядае як сюжэт з кіно.
50‑гадовы мужчына, вядомы пад імем Мангілал, шмат гадоў быў пастаяннай фігурай на рынку Сарафа. Ён не мог хадзіць з-за праказы і перасоўваўся, седзячы са скрыжаванымі нагамі на маленькай драўлянай платформе з коламі. Каб не параніць далоні аб асфальт, ён засоўваў іх у абутак, якім адштурхоўваўся ад зямлі.
Нягледзячы на свой стан, ён ніколі не падыходзіў да мінакоў і не працягваў руку — замест гэтага ён моўчкі і нерухома заставаўся на адным месцы, ад чаго яго становішча здавалася яшчэ больш адчайным.
Аднак гэты вобраз разбурыўся, калі ў межах кампаніі па барацьбе з жабрацтвам у справу ўмяшаліся мясцовыя ўлады. У Індоры афіцыйна забаронена як прасіць міласціны, так і даваць яе там. Мясцовыя ўлады заяўляюць, што мэта іх кампаніі, распачатай у лютым 2024 года, — дапамагчы людзям весці годнае жыццё, а не заахвочваць вулічнае жабрацтва.
Пасля таго, як Мангілала забралі з вуліцы, памылі і выдалі яму чыстую вопратку, праверка выявіла, што ён валодае актывамі, якія робяць яго мільянерам у індыйскіх рупіях. Высветлілася, што мужчына валодае трохпавярховым домам, яшчэ адным жылым будынкам і кватэрай, атрыманай ад дзяржавы па сацыяльнай праграме. У гэтай кватэры ён жыў разам з бацькамі. Акрамя таго, на яго былі аформлены легкавы аўтамабіль і некалькі аўтарыкшаў, якія мужчына здаваў у арэнду, атрымліваючы пастаянны прыбытак.
Падчас размовы з чыноўнікамі Мангілал прызнаўся, што грошы, атрыманыя ад міласціны, ён не траціў на ежу ці лекі, а ператвараў у абаротны капітал. Мужчына фактычна выконваў ролю банкіра для мясцовых гандляроў на тым самым рынку, дзе жабраваў. Ён пазычаў ім наяўныя грошы на тэрмін ад аднаго дня да тыдня, а кожны вечар асабіста абыходзіў сваіх кліентаў і збіраў працэнты.
Цяпер улады вывучаюць банкаўскія рахункі «мільянера з трушчобаў», а першым крокам пакарання стане пазбаўленне яго сацыяльнай кватэры, выдадзенай дзяржавай. Між тым сям'я Мангілала спрабуе абараніць яго рэпутацыю: пляменнік мужчыны заяўляе, што навіны пра багацце дзядзькі з’яўляюцца перабольшаннем і непаразуменнем.
Чытайце таксама:
Нямецкі «Плюшкін» варочае мільёнамі, а сам корпаецца ў смецці
Індыя праводзіць унікальны эксперымент — плаціць грошы мільёнам хатніх гаспадынь за іх працу па доме
У Гомелі бяздомны збіраў міласціну, а пры адмове нападаў з нажом і рыдлёўкай