БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка даў Селіверставу дадатковыя паўнамоцтвы

22.01.2026 / 21:31

Nashaniva.com

Юрый Селіверстаў, прызначаны 22 студзеня паслом Беларусі ў Расіі, таксама будзе прадстаўляць Беларусь у Эканамічнай радзе СНД, займацца пытаннямі інтэграцыйнага супрацоўніцтва ў рамках «Саюзнай дзяржавы», Еўразійскага эканамічнага саюза, СНД і АДКБ. Наконт гэтага Лукашэнка падпісаў асобны ўказ.

Юрый Селіверстаў

У адпаведнасці з указам, Селіверстаў атрымаў паўнамоцтвы намесніка прэм’ер-міністра па пытаннях дзейнасці Беларусі ў рамках «Саюзнай дзяржавы» і адносін з Расіяй. Ён будзе прадстаўляць Беларусь у кантактах з расійскімі чыноўнікамі і органамі ўрада, а таксама ў органах «Саюзнай дзяржавы» па пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва. Селіверстаў можа ўносіць прапановы ў беларускі ўрад, органы дзяржаўнага кіравання, абласныя і гарадскія выканаўчыя камітэты ў пытаннях гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва з Расіяй.

Акрамя таго, ён будзе каардынаваць дзейнасць беларускіх органаў і іншых падначаленых ураду арганізацый, прадстаўнікоў Беларусі ў органах «Саюзнай дзяржавы», даваць ім абавязковыя для выканання ўказанні і кантраляваць іх выкананне.

Адзначаецца, што Селіверстаў нясе асабістую адказнасць за прасоўванне нацыянальных інтарэсаў Беларусі ў рамках «Саюзнай дзяржавы» і ў дачыненнях з Расіяй.

Чытайце таксама:

Міністр фінансаў Юрый Селіверстаў прызначаны паслом у Расіі

Прызначаны новы міністр фінансаў

Міністр фінансаў расказаў, на што Беларусь просіць грошай у Расіі

Каментары да артыкула