БЕЛ Ł РУС

У Мінсувязі патлумачылі пра абмежаванне мабільнага інтэрнэту

23.01.2026 / 15:30

Nashaniva.com

З 23 лютага ў Беларусі з’явіцца абмежаванне хуткасці інтэрнэту на тарыфных планах з безлімітным трафікам. Пры перавышэнні парога ў 30 ГБ на месяц хуткасць знізіцца да 1 Мбіт/с.

У Міністэрстве сувязі растлумачылі, чаму было прынята такое рашэнне, піша Office Life.

Тэма выклікала бурныя абмеркаванні ў сацыяльных сетках. У ведамстве заявілі, што чакалі такой рэакцыі, у першую чаргу з боку абанентаў, якія выкарыстоўваюць трафік у вялікіх аб’ёмах. Гаворка ідзе пра тысячы гігабайтаў на месяц, што перавышае сярэдняе спажыванне як мінімум у сотні разоў. Такое спажыванне характэрнае для абанентаў стацыянарных сетак. Пры гэтым безлімітныя тарыфы, падкрэслілі ў ведамстве, «характэрныя для краін СНД, але цалкам адсутнічаюць у еўрапейскіх краінах».

У ведамстве адзначылі, што большасць карыстальнікаў наўрад ці заўважыць змены, бо яны спажываюць значна менш за 30 ГБ на месяц.

«Калі вы траціце менш за 30 ГБ у месяц (а гэта большасць карыстальнікаў без тыкток залежнасці), вы нічога не заўважыце. Калі ж вы спампоўваеце тэрабайты — давядзецца альбо мірыцца з 1 Мбіт/с, альбо даплачваць», — заявілі ў Мінсувязі.

У міністэрстве падкрэслілі, што мабільны інтэрнэт пасля вычарпання ліміту ніхто не будзе адключаць, а яго хуткасць знізіцца толькі да ўзроўню 1 Мбіт/с.

Гэта дазволіць карыстацца месенджарамі, слухаць музыку і сядзець у сацыяльных сетках, хоць у апошнім выпадку фатаграфіі могуць загружацца даўжэй. Пры гэтым будзе ўскладнены прагляд відэа ў высокай якасці і выкарыстанне «цяжкіх» анлайн-гульняў.

У ведамстве таксама лічаць, што новаўвядзенні абараняюць правы спажыўцоў, бо безлімітны тарыф «павінен працаваць, а не проста лічыцца».

Раней аператары на «безлімітах» маглі зніжаць хуткасць як заўгодна, часам нават да 256 Кбіт/с, калі не загружаецца нават надвор’е. Цяпер устаноўлены парог: апускаць хуткасць ніжэй за 1 Мбіт/с аператарам забаронена.

Новыя правілы таксама дазваляюць аператарам прапаноўваць дадатковыя аб’ёмы трафіку або павялічаныя перыяды «безлімітнай» хуткасці.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула