Анархіст Дзядок выказаўся супраць дазволу на аборты. Але лічыць, што заканадаўчая забарона нічога не дасць
Анархіст і былы палітвязень Мікола Дзядок акрэсліў у сацсетках сваё стаўленне да абортаў. І атрымаў багата гнеўных каментароў.
Мікола Дзядок у Вільні, верасень 2025 года. Фота: spring96.org
Нагодай для допісу Міколы стала тое, што ў Беларусі збіраюцца забараніць аборты ў прыватных медычных цэнтрах. Вось Дзядок і напісаў, што ён катэгарычна супраць абортаў:
«Па факце аборт — гэта забойства, з якога боку не разглядай. Усе аргументы ў духу «нет матки — нет мнения» альбо «только женщина в праве решать!» — псеўдафеміністычная лухта, якую не варта разглядаць усур’ёз».
Пры гэтым Дзядок таксама супраць татальнай забароны абортаў:
«Заканадаўчая забарона абортаў сітуацыю не вырашыць. Бо пры такіх законах адбываецца наступнае: жанчыны з даходам вышэй сярэдняга едуць у іншую краіну і робяць там аборт. З даходам ніжэй сярэдняга — робяць кустарна, акрамя забойства, яшчэ і псуючы сабе здароўе.
Неабходная комплексная праца, найперш над каштоўнасцямі, як жанчын гэтак і мужчын, каб пераадолець аборт як з’яву. Бо вялізная колькасць абортаў мае сваёй прычынай безадказнасць мужчын у адносінах. Я разумею многія аргументы жанчын, якія выступаюць за свабодныя, колькі захочаш, аборты, аднак лічу што ніякая «складаная жыццёвая сітуацыя» не дае табе права пазбаўляць жыцця іншую чалавечую істоту».
Гэтыя допісы сабралі дзясяткі каментароў. Дзядку пісалі, што варта ўсё ж пакінуць права выбару жанчынам, а калі не хочацца ісці на аборт, заўжды ёсць кантрацэпцыя — напрыклад, прэзерватывы ці вазэктамія:
«Мару пра часы, калі мужчыны перастануць выказваць сваё меркаванне па пытаннях жанчын, якія іх не датычацца».
«Ідзіце ў навуку і працуйце над вынаходніцтвам штучнай маткі, куды можна будзе перасадзіць усе аборты. Тады «забойстваў» не будзе».
«Чаму вы лічыце, што нармальна ў жанчыны забраць права выбару, назваўшы яго злачынствам?».
Блогерка Яўгенія Сугак пакінула зусім кароткі каментар: «Хто вы, нагадайце».
У каментары прыйшлі не толькі абураныя жанчыны, але і мужчыны. Адзін з такіх карыстальнікаў напісаў:
«Калі грамадскі дзеяч піша, што ён не падтрымлівае заканадаўчую забарону абортаў — гэта значыць, што ён падтрымлівае аборты і магчымасць жанчын самім вырашаць, што ў якой сітуацыі рабіць. А калі ты ўжо не як грамадскі дзеяч пачынаеш дыскусію, а з філасофскай ці рэлігійнай нагоды — гэта ўжо іншая дыскусія ўвогуле.
Што кепска і што добра — тут у кожнага свой погляд, але ў першую чаргу заўсёды гаворка пра ЗАКАНАДАЎЧУЮ забарону. Выбар — ён такі: ці будзе вырашаць дзяржава, ці сам чалавек».
Згадалі таксама заяву Дзядка пра тое, што ў Беларусі варта легалізаваць прастытуцыю. Што рабіць, калі падчас сэкс-працы ўзнікае непажаданая цяжарнасць?
Адказ Міколы: «Таму я і за легалізацыю, каб нежаданых цяжарнасцяў падчас сэкс-працы не было».
Выказаўся і медыяменеджар Максім Паршута: «Нельга забараняць аборты, бо абортаў наўрад ці стане менш, але дакладна яны стануць праводзіцца ва ўмовах, больш небяспечных для жанчын. Ды і агулам дзіўна, што чалавеку забараняюць рабіць з сабой тое, чаго яна хоча — гэта нават у першую чаргу».
«Не дуры галавы. Калі асабіста народзіш, тады будзеш супраць», — не прайшоў міма Андрэй Павук.
Падтрымалі Дзядка толькі некалькі чалавек.
Некалькі дзён таму Дзядок апублікаваў у Threads яшчэ адно выказванне, якое стала рэзанансным — той пост сабраў каля 250 каментароў:
«Беларусь без Лукашэнкі будзе найлепшай краінай у свеце. У нас будуць легалізаваныя аднаполыя шлюбы, марыхуана, прастытуцыя. Безвіз з Еўразвязам, свабода слова, высокія заробкі, анімэ-фестывалі. І гэта будзе ўжо зусім хутка».
Чытайце таксама:
Дзядок — апазіцыянерам: Займаючыся дыскрэдытацыяй Офіса Ціханоўскай, вы льяце ваду на млын рэжыму
Дашкевіч, Дзядок і Севярынец апублікавалі сумеснае ФОТА
Анархіст Дзядок пра аперацыю ў Венесуэле: Вялікая дубінка ў добрых руках