БЕЛ Ł РУС

СБУ затрымала ўкраінку, якую абвінавачваюць у навядзенні расійскіх удараў па кіеўскіх ЦЭЦ

24.01.2026 / 14:58

Nashaniva.com

Паводле звестак контрразведкі, жанчына карэктавала паветраныя атакі па энергетычнай інфраструктуры Кіева, а таксама шпіёніла за перамяшчэннем украінскіх вайскоўцаў і тэхнікі.

Па даных СБУ, агенткай ФСБ была жыхарка Ровеншчыны. Ад сваіх куратараў у Расіі яна нібыта атрымлівала заданні перасылаць фота, відэа і каардынаты кіеўскіх цеплаэлектрацэнтраляў, па якіх расіяне рыхтавалі ўдары.

Увагу расійскіх спецслужбаў жанчына прыцягнула, калі шукала лёгкія заробкі ў тэлеграм-каналах.

Паводле версіі СБУ, пасля вярбоўкі яе «адкамандзіравалі» на Кіеўшчыну, дзе яна аб’язджала мясцовыя ЦЭЦ і фіксавала іх тэхнічны стан пасля расійскіх атак.

Заданні яна атрымлівала і ў Адэскай, і ў Чарнігаўскай абласцях, якія таксама падвяргаюцца масаваным ударам, у тым ліку па энергетычных аб’ектах.

Жанчына нібыта засялялася ў гатэлі або арандавала жыллё паблізу аб’ектаў, якія цікавілі яе куратараў, і назірала за імі альбо ўсталёўвала абсталяванне для назірання з непасрэднай перадачай дадзеных у ФСБ.

«Для збору разведданых па Адэскай вобласці яна спачатку пасялілася ў гатэльным нумары з відам на мясцовую станцыю Укрчыгункі. З акна жылля агентка сачыла за рухам цягнікоў з вайсковай тэхнікай у напрамку фронту», — апісвае метады працы расійскай агенткі СБУ.

Далей, сцвярджае СБУ, фігурантка прыбыла на Чарнігаўшчыну і арандавала кватэру каля аўтатрасы. На падваконні часовага жылля яна нібыта ўстанавіла тэлефонную камеру з функцыяй дыстанцыйнага доступу для ФСБ.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула