Трамп прызнаўся, што Мадура захапілі пры дапамозе сакрэтнага дыскамбабулятара
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што вырашальную ролю ў аперацыі па затрыманні венесуэльскага лідара Нікаласа Мадура адыграла новая сакрэтная зброя, якую ён назваў Discombobulator. Пра гэта Трамп расказаў у інтэрв’ю выданню New York Post.
Нікалас Мадура. Фота: AP Photo / Matias Delacroix
Паводле слоў амерыканскага прэзідэнта, гэтая распрацоўка дазволіла вывесці з ладу абсталяванне венесуэльскага боку ў момант, калі 3 студзеня амерыканскія верталёты прыбылі ў Каракас для арышту Мадура і яго жонкі па абвінавачаннях у незаконным гандлі наркотыкамі і зброяй. Трамп падкрэсліў, што не мае права раскрываць падрабязнасці, хоць самому яму і карціць расказаць больш. Раней ён, дарэчы, крыху гэтай справы ўжо кранаўся.
Назва зброі паходзіць ад англійскага слова, якое азначае «дэзарыентаваць» або «збіць з панталыку». Прэзідэнт ЗША сцвярджае, што венесуэльскія сілы не змаглі выкарыстаць нават расійскія і кітайскія ракеты: тэхніка не працавала, нягледзячы на поўную баявую гатоўнасць.
Гэтыя каментары Трамп зрабіў у кантэксце размовы пра імпульсную энергетычную зброю, якую раней закупляла адміністрацыя Байдэна і якую звязваюць з так званым гаванскім сіндромам.
Хоць пра саму зброю вядома няшмат, сведчанні з Венесуэлы часткова пацвярджаюць словы Трампа. Паводле відавочцаў, узброеныя прыхільнікі Мадура раптоўна гублялі арыентацыю, падалі на калені, у іх ішла кроў з носа, некаторыя ванітавалі крывёй. Адзін з ахоўнікаў Мадура расказаў, што без тлумачэнняў адключыліся ўсе радыёлакацыйныя сістэмы, пасля чаго над пазіцыямі з’явіліся дзясяткі дронаў.
Пазней, паводле яго слоў, дзеянне зброі было накіравана непасрэдна на ахову. Ён апісаў гэта як моцную, інтэнсіўную гукавую хвалю, пасля якой з’явіўся рэзкі боль у галаве, пачаліся крывацёкі і людзі страцілі здольнасць рухацца. У выніку ахоўнікі не змаглі аказаць супраціў.