Стала вядома імя мужчыны, якога федэральныя агенты застрэлілі ў Мінеапалісе. У горадзе зноў успыхнулі пратэсты
37‑гадовы Алекс Прэці, грамадзянін ЗША, жыў у Мінеапалісе і працаваў медбратам у мясцовай бальніцы для ветэранаў.
Алекс Прэці. Фота: Майкл Прэці / AP
Супрацоўнікі Памежнага патруля ЗША (USBP) у суботу, менш чым праз тры тыдні пасля смерці Рэнэ Гуд ад рук супрацоўніка Іміграцыйнай і мытнай паліцыі (ICE), застрэлілі мужчыну ў Мінеапалісе. У горадзе зноў пачаліся пратэсты, піша BBC.
Улады паведамілі, што загінулы — 37‑гадовы Алекс Прэці, грамадзянін ЗША, які жыў у Мінеапалісе і працаваў медбратам у мясцовай бальніцы для ветэранаў.
Міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША (DHS, туды ўваходзяць USBP і ICE) заявіла, што ў загінулага быў пісталет і ён нібыта супраціўляўся, калі федэральныя агенты спрабавалі яго абяззброіць.
Паводле слоў губернатара штата Мінесота Ціма Уолза, відэазапісы з месца здарэння даказваюць, што гэтая версія з’яўляецца нонсэнсам.
«Колькі яшчэ жыхароў, колькі яшчэ амерыканцаў павінны памерці ці атрымаць цяжкія траўмы, каб гэтая аперацыя [барацьбы з нелегальнай міграцыяй] скончылася?» — заявіў мэр Мінеапаліса Джэйкаб Фрэй на прэс-канферэнцыі.
Міністарка ўнутранай бяспекі ЗША Крысці Ноэм раскрытыкавала Фрэя і Уолза, абвінаваціўшы іх у тым, што яны сталі на бок «людзей, якія парушаюць закон».
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп абвінаваціў улады Мінеапаліса і штата Мінесота ў «падбухторванні да мяцяжу».
Акцыя пратэсту. Фота: AP Photo / Adam Gray
Ноэм паведаміла на прэс-канферэнцыі, што Алекс Прэці падышоў да федэральных агентаў з 9‑міліметровым паўаўтаматычным пісталетам. Пасля таго як афіцэры паспрабавалі яго абяззброіць, ён пачаў «рэагаваць агрэсіўна».
Адзін з афіцэраў, паводле слоў міністра, адкрыў «абарончы агонь», паколькі баяўся за сваё жыццё і жыццё іншых афіцэраў.
Паліцыя Мінеапаліса заявіла, што загінулы валодаў зброяй на законных падставах.
Губернатар штата Мінесота Цім Уолз раней заклікаў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа неадкладна вывесці тысячы супрацоўнікаў ICE і памежнай аховы, дасланых у Мінесоту ў межах кампаніі па барацьбе з нелегальнай іміграцыяй.
«Я толькі што размаўляў з Белым домам пасля чарговага жахлівага інцыдэнту са стральбой з боку федэральных агентаў гэтай раніцай. Мінесота сытая па горла. Гэта агідна. Прэзідэнт павінен спыніць гэтую аперацыю. Вывесці з Мінесоты гэтыя тысячы агрэсіўных і непадрыхтаваных супрацоўнікаў. Зараз жа», — напісаў Уолз у X.
Што вядома пра загінулага Алекса Прэці?
37‑гадовы Прэці працаваў медбратам у аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі ў бальніцы для ветэранаў у Мінеапалісе; ён далучыўся да пратэстаў пасля гібелі Рэнэ Гуд.
«Ён глыбока клапаціўся пра людзей і быў вельмі засмучаны тым, што адбывалася ў Мінеапалісе і па ўсёй тэрыторыі ЗША з ICE, як і мільёны іншых людзей, — сказаў яго бацька, Майкл Прэці, агенцтву Associated Press. — Ён лічыў, што ўдзел у пратэстах — гэта спосаб выказаць свой клопат пра іншых».
Паводле слоў бацькі, сын тэлефанаваў бацькам «прыкладна два тыдні таму» і сказаў ім, што ведае, што не павінен «рабіць ніякіх дурасцяў» падчас пратэстаў.
«Алекс быў добрым чалавекам, які шчыра клапаціўся пра сваю сям’ю і сяброў, а таксама пра амерыканскіх ветэранаў, за якімі ён даглядаў у якасці медбрата аддзялення інтэнсіўнай тэрапіі ў шпіталі для ветэранаў у Мінеапалісе. Алекс хацеў змяніць гэты свет да лепшага», — гаворыцца ў заяве яго бацькоў, Майкла і Сьюзан Прэці, якая была абнародавана пазней.
На месцы стральбы на поўдні Мінеапаліса, на Нікалет-авеню і прылеглых вуліцах, сабраліся сотні пратэстоўцаў. Супрацоўнікі федэральных сілавых органаў разганялі іх у тым ліку пры дапамозе слезацечнага газу. На месцы гібелі Прэці ўзнік стыхійны мемарыял.
Неўзабаве пасля таго, што адбылося ў Мінеапалісе, па сацсетках разляцелася відэа, на якім некалькі чалавек у камуфляжы і масках змагаюцца на тратуары гарадской вуліцы з чалавекам у цывільным, валяць яго на зямлю, а затым адзін з іх робіць шэсць стрэлаў: спачатку адзін і праз секунду яшчэ пяць запар.
Яшчэ на адным відэа, знятым з машыны з адлегласці на некалькі дзясяткаў метраў, само месца здарэння не відаць, але відаць людзей у камуфляжы, якія бягуць да яго, а затым чуваць восем стрэлаў.
Загінулы быў застрэлены проста перад будынкам з вывескамі «Амерыкана-афрыканскі сямейны цэнтр» і «Новы амерыканскі цэнтр развіцця».
Сенатар ад Мінесоты, член Дэмакратычнай партыі Эмі Клобушар праз сацсеткі параіла Трампу і яго паплечнікам з Рэспубліканскай партыі паглядзець гэтыя відэа, а кангрэсменаў-рэспубліканцаў заклікала не маўчаць і «спыніць саўдзел» у тым, што адбываецца.
Дарадца Трампа Стывен Мілер у адказ абвінаваціў кіраўніцтва Мінесоты ў правакаванні мяцяжу.
«Унутраны тэрарыст спрабуе забіць супрацоўнікаў федэральных праваахоўных органаў — і вы вось так на гэта рэагуеце? […] Вы і ўсё дэмакратычнае кіраўніцтва штата раздзімаеце полымя мяцяжу з адзінай мэтай — спыніць дэпартацыю нелегалаў, якія ўварваліся ў нашу краіну», — напісаў Мілер у сацсетках.
У тым жа ключы выказаўся ў сваёй сацсетцы Truth Social і сам Дональд Трамп.
«Мэр і губернатар сваёй напышлівай, небяспечнай і нахабнай рыторыкай распальваюць мяцеж! […] Дайце нашым патрыётам з ICE рабіць іх справу. 12 000 нелегальных іншаземцаў-злачынцаў, многія з іх схільныя да гвалту, арыштаваныя і вывезеныя з Мінесоты. Калі б яны заставаліся там, вы б убачылі нешта нашмат горшае, чым тое, чаму з’яўляецеся сведкамі сёння!» — напісаў Трамп.
У тым жа посце прэзідэнт ЗША, не прыводзячы доказаў, абвінаваціў палітыкаў-дэмакратаў у кіраўніцтве Мінесоты ў тым, што яны пакрываюць крадзеж мільярдаў долараў, а таксама ў тым, што яны не даюць мясцовай паліцыі ахоўваць федэральных агентаў, якія праводзяць арышты імігрантаў.