Рудзік — беларускім палітыкам з польскімі пашпартамі: Балатуйцеся не ў КР, а ў польскі Сейм
Былы рэдактар Nexta Ян Рудзік выступіў з ініцыятывай радыкальнай змены стратэгіі для дэмакратычных сіл. На фоне падрыхтоўкі да чарговых выбараў у Каардынацыйную раду ён прапанаваў палітыкам выкарыстаць сваю папулярнасць для ўваходу ў рэальную ўладу Польшчы.
— Кажуць, што намячаюцца чарговыя выбары ў Каардынацыйную раду. Можна было б шмат слоў напісаць пра бескарыснасць гэтага мерапрыемства, як і пра бескарыснасць апазіцыйных структур у прынцыпе. Але, здаецца, усе ўжо і так усё зразумелі.
Аднак падаецца, што на пытанне «А чым яшчэ займацца?» ёсць адказ.
Так сталася, што ў многіх топаў дэмакратычных сіл ужо ёсць польскія пашпарты. А ў некаторых — яшчэ і пазнавальнасць у самой Польшчы, прысутнасць у польскіх медыя і, варта меркаваць, кантакты з польскімі палітыкамі.
Чаму б не паспрабаваць «стартаваць» у польскі Сейм?
Каля паўсотні тысяч беларусаў гістарычна пражываюць у Падляскім ваяводстве. Людзей з беларускімі каранямі і сваякамі і таго больш. Тых, у каго часовы дазвол на жыхарства, сталы дазвол ці віза, — некалькі соцень тысяч. І гэтыя людзі таксама атрымліваюць і будуць атрымліваць пашпарты.
Цалкам сабе электаральная база са зразумелымі праблемамі, якія можна вырашаць. Ну і легітымнасці для дзеянняў на міжнароднай арэне статус дэпутата Сейма Рэчы Паспалітай дасць больш, чым статус дэлегата ці нават спікера Каардынацыйнай рады.
Здаецца ж, усё на паверхні, ці ёсць нейкія падводныя камяні, якія замінаюць так зрабіць? — напісаў Рудзік.