19‑гадовы мінчук схаваў для махляроў пад елкай у парку грошы і прысыпаў снегам
На мабільны тэлефон мінчанцы патэлефанавалі невядомыя і пад выглядам замены дамафона пераканалі яе прадыктаваць код з СМС-паведамлення.
Пазней з жанчынай звязаліся нібыта з міліцыі. Яны паведамілі, што звесткамі завалодалі махляры, якія ад яе імя ажыццяўляюць незаконныя фінансавыя аперацыі.
Пад пагрозай вобшуку ў кватэры і канфіскацыі грошай жанчыну ўгаварылі задэклараваць наяўныя сродкі. Яна перадала кур’еру больш за 13 тысяч рублёў у эквіваленце, пасля чаго з ёй перасталі выходзіць на сувязь.
Супрацоўнікі міліцыі затрымалі кур’ера — 19‑гадовага мінчука, які раней сам стаў ахвярай махляроў. Каб «пазбегнуць крымінальнай адказнасці», малады чалавек выконваў указанні: наведаў пяць адрасоў у сталіцы, дзе забраў грошы. Частку гатоўкі ён перадаў пасрэдніку, астатняе схаваў пад елкай у парку, прысыпаўшы снегам.
Затым каля тайніка затрымалі 51‑гадовую мінчанку. Жанчына па ўказанні аферыстаў збіралася забраць грошы і чакаць далейшых інструкцый.
Махляры пераканалі мінчанку ў тым, што яна можа стаць фігуранткай крымінальнай справы, таму яна старанна выконвала ўсе ўказанні «куратараў». Жанчына паспела наведаць два адрасы, дзе забрала 8 тысяч рублёў і каштоўнасці.