БЕЛ Ł РУС

Зніклы 15‑гадовы падлетак мог сысці праз тэлефон

26.01.2026 / 13:53

Nashaniva.com

У пятніцу ўвечары каля 21:00 з дому ў аграгарадку Парахонск Пінскага раёна пайшоў 15‑гадовы Багдан Юнчык. З таго часу, ужо трэція суткі, яго месцазнаходжанне застаецца невядомым. Пошукі падлетка працягваюцца.

Інфармацыя пра знікненне паступіла ў міліцыю ў суботу каля 07:00, пасля чаго быў арганізаваны маштабны пошук. У аперацыі ўдзельнічаюць больш за дзвесце чалавек: увесь асабовы склад Пінскага РАУС, ратавальнікі МНС, валанцёрскія атрады «Віцязь» і «Пантэра», а таксама мясцовыя жыхары і работнікі ААТ «Парахонскае».

Прыкметы падлетка: хударлявы, рост 160—165 см, кароткія чорныя валасы. Быў апрануты ў шэрую вязаную шапку, куртку колеру хакі, шэрыя джынсы і чорныя берцы.

Усіх, хто валодае якой-небудзь інфармацыяй, просяць паведамляць па тэлефонах +375 44 769— 18‑08 або 102.

Валанцёр пошукавага атрада «Пантэра» ў размове з журналістам Onliner паведаміў, што цяпер у пошуках задзейнічана каля 200 чалавек.

— Пешымі групамі абследавана 400 гектараў населеных пунктаў, у тым ліку аграгарадок Парахонск, больш адкрытыя ўчасткі мясцовасці, лясныя масівы. Мабільныя групы абследавалі 100 кіламетраў лінейных арыенціраў — з дапамогай спецтэхнікі, квадрацыклаў і тэхнікі павышанай праходнасці. Квадракоптарамі абследавана 500 гектараў адкрытых абшараў, у тым ліку вадаёмаў. Усе напрамкі працягваюць адпрацоўвацца.

Паводле слоў валанцёра, Багдан характарызуецца як адкрыты і камунікабельны, асаблівасцяў здароўя (у тым ліку ментальных) у яго няма. Вядома, што хлопчык выхоўваўся ў прыёмнай сям’і — дзіцячым доме сямейнага тыпу.

— Ці былі раней выпадкі, каб ён уцякаў з дому?

— Наколькі мне вядома, такой інфармацыі няма.

— Якія ёсць зачэпкі?

— Адпрацоўваюцца ўсе магчымыя версіі. Цяпер каментаваць не магу: ёсць інфармацыя, якую сёння яшчэ правяраем. Вядома, ужо праведзены размовы з аднакласнікамі, класнымі кіраўнікамі — ніякіх зачэпак там няма.

— Ці ўдалося выйсці на фізічны след хлопчыка?

— На гэты момант — не. Сітуацыю ўскладняюць ўмовы надвор’я: ідзе снег. Тыя сляды, якія з’яўляюцца, не пацвярджаюцца. Калі нешта знаходзім — вызначаем, але дакладна сказаць, што гэта сляды Багдана, нельга. Тым не менш яны адпрацоўваюцца да канца.

— Ці паступаюць паведамленні ад людзей?

— Учора паступілі тры паведамленні — усе яны адразу былі апрацаваныя. Падобнага чалавека бачылі ў Пінску — на месца на працягу прыкладна хвіліны выехалі некалькі экіпажаў РАУС і нават ДАІ. Але інфармацыя не пацвердзілася — хлопчык аказаўся не той. Паведамленні паступаюць, людзі пільныя, тэлефануюць, пішуць, фатаграфуюць, калі бачаць чалавека, падобнага на арыенціроўку.

— Ёсць верагоднасць, што Багдан мог паехаць у Мінск або за межы Беларусі?

— Цалкам магчыма. Хлопчык ужо дастаткова дарослы, таму такі варыянт не выключаецца.

Журналісты таксама звязаліся з валанцёрам пошукавага атрада «Віцязь», які пацвердзіў, што адпрацоўваюцца ўсе магчымыя версіі.

— Ці вядома, у які бок пайшоў Багдан, ці быў ён з сябрамі?

— Не, ён быў адзін.

Суразмоўца таксама пацвердзіў інфармацыю, што хлопчык выхоўваецца ў дзіцячым доме сямейнага тыпу.

— Ці вядома, ці быў нейкі канфлікт? Багдан жа пайшоў з дому а 9‑й вечара. 

— Праз тэлефон. Дакладна не зразумеў: ці то яго забралі, ці то не купілі.

Паводле слоў валанцёра, раней выпадкаў уцёкаў з дому ў Багдана не было. У школе ён вучыцца добра і займаецца спортам.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула