Знялі з пасады гендырэктара «Белтэлекама»
Гендырэктар «Белтэлекама» Аляксей Івашкін зняты з пасады, ён не працуе на прадпрыемстве з 23 студзеня, даведалася «Люстэрка».
Аляксей Івашкін. Фота: БелДІЭ
Атрыманую ад уласнай крыніцы выдання інфармацыю ў прыёмнай «Белтэлекама» пацвердзілі журналістцы «Люстэрка», якая патэлефанавала на прадпрыемства як звычайная грамадзянка з пытаннем, ці можна запісацца на асабісты прыём да гендырэктара Івашкіна. Аказалася, гэта немагчыма:
«Гендырэктар ужо не працуе з пятніцы [23 студзеня]», — паведамілі ў прыёмнай.
Там не ўдакладнілі, па якой прычыне Аляксей Івашкін пакінуў пасаду. Яго пераемнік пакуль не прызначаны. На сайце прадпрыемства са старонкі «кіраўніцтва» Івашкін знік — там цяпер няма ні фатаграфіі, ні прозвішча гендырэктара.
Аляксей Івашкін быў прызначаны на пасаду генеральнага дырэктара рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства электрасувязі «Белтэлекам» у ліпені 2024 года. Міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган, прадстаўляючы новага кіраўніка калектыву, «выказаў упэўненасць у паспяховай працы Аляксея Івашкіна на новай пасадзе, адзначыўшы яго фундаментальную адукацыю, тэхнічныя веды, досвед міжнароднай дзейнасці і глыбокае разуменне развіцця галіны».
Аляксей Івашкін нарадзіўся ў Мінску ў 1982 годзе. Да прызначэння генеральным дырэктарам РУП «Белтэлекам» кіраваў рэспубліканскім унітарным прадпрыемствам па наглядзе за электрасувяззю «БелДІЭ». У 2001 годзе скончыў Вышэйшы каледж сувязі, у 2004‑м — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, у 2012 годзе — Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Чытайце таксама:
Сіла тыктока. Жанчына паскардзілася на павольны інтэрнэт ад «Белтэлекама» — там раптам адрэагавалі