БЕЛ Ł РУС

Пасля патрыятычнага парыву беларусаў у філармоніі ўдава кампазітара Моўчана забараніла ўсім выконваць «Малітву» Янкі Купалы

27.01.2026 / 00:34

Ф. Раўбіч

Канцэрт да 85‑годдзя Уладзіміра Мулявіна меў нечаканы працяг. Удава кампазітара Алега Моўчана абурылася выкананнем знакамітай «Малітвы» і ўвяла поўную забарону на выкарыстанне музычнай спадчыны мужа, намагаючыся выдаліць усе запісы выступлення ў філармоніі з інтэрнэту.

Ірына Відава, удава Алега Моўчана, аўтара музыкі да песняроўскай «Малітвы». Скрыншот відэа

12 студзеня ў Белдзяржфілармоніі адбыўся ўрачысты вечар, прымеркаваны да 85‑годдзя заснавальніка «Песняроў» Уладзіміра Мулявіна. Генеральным прадзюсарам праграмы, прысвечанай юбілею Мулявіна, выступіла яго дачка Марына Мулявіна. 

Фрагменты з праграм «Песняроў» выконвалі Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя Жыновіча і спявак Пётр Ялфімаў.

У кульмінацыйны момант, калі са сцэны загучала «Малітва» на словы Янкі Купалы, зала ў адзіным парыве ўстала.

Аднак не ўсе падзялілі патрыятычны парыў беларусаў. Супраць выступіла спявачка Ірына Відава, удава Алега Моўчана, аўтара музыкі да песняроўскай «Малітвы».

15 студзеня, у дзень з'яўлення на «Нашай Ніве» навіны пра выпадак, Відава апублікавала на персанальным сайце мужа катэгарычную заяву аб забароне на выкананне творчай спадчыны Моўчана.

Пётр Ялфімаў на канцэрце да 85‑годдзя Уладзіміра Мулявіна. Фота: БелТА

Яна абвінаваціла Ялфімава ў «шматгадовай непавазе» да аўтарскага права і забараніла яму выконваць музыку Моўчана ў любой форме.

Больш за тое, Відава паклапацілася пра тое, каб ужо выкладзеныя відэазапісы з канцэрта ў філармоніі зніклі з сеціва — яна падала скаргі на парушэнне аўтарскіх правоў на YouTube, што прывяло да блакіроўкі некаторых відэа.

Канфлікт сапраўды мае даўнюю гісторыю. У 2011 годзе Алег Моўчан асабіста забараніў Ялфімаву выконваць «Малітву» пасля таго, як той праспяваў яе на фестывалі ў Маладзечне «без папярэдняга ўзгаднення і без указання аўтарства». Да таго ж падобная гісторыя адбылася і з песняй «Стася».

У студзені 2025 года Пётр Ялфімаў выконваў на Мінск-Арэне «Малітву» пад акампанемент Колі Лукашэнкі. Скрыншот відэа

Аднак гэтая прынцыповая пазіцыя мае цікавую асаблівасць: яна працуе выбарачна. Роўна год таму, у студзені 2025 года, Пётр Ялфімаў ужо выконваў «Малітву» перад тысячамі гледачоў у «Мінск-Арэне» на фінальным канцэрце прапагандысцкага «Марафону адзінства». Тады ўдава кампазітара не стала прад'яўляць прэтэнзій, магчыма, пабаялася, бо за раялем Ялфімаву акампанаваў Коля Лукашэнка.

«Забараняю ў любой форме». Што трапіла ў чорны спіс

У сваёй заяве Ірына Відава падкрэслівае, што, паколькі спадчынніцы Уладзіміра Мулявіна адмовіліся заключаць з ёй сумесную дамову на кіраванне правамі, яна распараджаецца доляй свайго мужа асабіста.

І яе рашэнне адназначнае — забарона на выкананне песень, на якія яна мае правы ўласнасці, не толькі Пятром Ялфімавым, але і любым іншым выканаўцам без пісьмовай згоды Відавай.

Ірына Відава і Алег Моўчан. Фота: А. Волкаў

У спіс забароненых твораў трапілі:

«Малітва»;
«Чырвоная ружа»;
«Лявоніха»;
«Слуцкія ткачыхі»;
«Чэсць табе, Марыя»;
А таксама эстрадныя хіты: «Стася», «Кума», «Хрыстос уваскрос» і іншыя.

Відава пайшла яшчэ далей, забараніўшы нават «другаснае выкарыстанне» — гэта значыць трансляцыю запісаў выканання Ялфімава па тэлебачанні і радыё.

«Скураныя садамазаапранахі» і вайна за «Малітву»

Пётр Ялфімаў не адзіны з беларускіх музыкаў, хто пацярпеў за выкананне «Малітвы».

У ліпені 2009 года музычны крытык Сяргей Будкін апублікаваў на старонках «Нашай Нівы» разгромную рэцэнзію на сольны альбом Ірыны Відавай «IV», прадзюсарам якога быў Алег Моўчан.

Вокладка альбома «IV» Ірыны Відавай

Журналіст назваў працу «бляклай ксеракопіяй другаснай расійскай папсы» і «правінцыйным цыркам». Асабліва з’едліва ён прайшоўся па іміджы спявачкі, згадаўшы фота на вокладцы «ў скураных садамазаапранахах», і выказаў здзіўленне, што аўтар вялікай «Малітвы» марнуе талент на такі матэрыял.

Праз некалькі гадоў, у 2014-м, у сям'і Моўчанаў з'явілася нагода адпомсціць за нанесеную крыўду. Алег Моўчан падаў у суд на лідарку рок-гурта Naka Насту Шпакоўскую. Нагодай стала выкананне «Малітвы» на праекце «Re:Песняры», арганізатарам якога быў той жа Сяргей Будкін. 

Прытым тады Відава падмацоўвала свае прэтэнзіі ў тым ліку пазіцыяй сям'і Мулявіна: удавы Святланы Мулявінай-Пенкінай і дзяцей Марыны, Вольгі і Валерыя. Цяпер жа, у 2026 годзе, сям'я Мулявіна апынулася па іншы бок барыкадаў.

Тады суд стаў прэцэдэнтам. Шпакоўская спрабавала даказваць, што «Малітва» — гэта духоўны гімн, створаны ў дзяржаўным ансамблі пад кіраўніцтвам Мулявіна, і што ён не павінен быць прыватнай уласнасцю аднаго чалавека.

«Яна стала духоўным гімнам таму, што яе спяваў Мулявін, наш пясняр, а не таму, што яе напісаў ці праспяваў Моўчан. А цяпер мы ўсе будзем залежаць ад чалавека, які вырашае, колькі трэба плаціць», — казала тады спявачка.

Аднак Алег Моўчан заняў жорсткую пазіцыю: музыка — гэта яго ўласнасць, а «самавольныя» аранжыроўкі псуюць твор. Ён патрабаваў кампенсацыю каля $1000, што ў разы перавышала звычайныя стаўкі. Суд стаў на бок кампазітара, але абавязаў выплаціць удвая меншую кампенсацыю. 

Дбайныя захавальнікі інтэлектуальнай уласнасці

Пасля гучнай перамогі ў справе супраць гурта Naka кар'ера Алега Моўчана зрабіла спецыфічны паварот. У інфармацыйнай прасторы ён пачаў з'яўляцца не столькі як аўтар новых шлягераў, колькі як чалавек, які прасоўвае юрыдычную адказнасць за парушэнне аўтарскіх правоў. У тым жа 2015 годзе ён быў абраны старшынёй аўтарскай рады Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці (НЦІУ).

Атрымаўшы афіцыйную пасаду, кампазітар разгарнуў маштабную юрыдычную кампанію. Пад яго кіраўніцтвам былі выйграны дзясяткі судоў супраць кабельных аператараў, якія гадамі не плацілі адлічэнні. Гэта дазволіла павялічыць зборы ўзнагароджанняў у НЦІУ на 30%.

У 2018 годзе Моўчан выйшаў на міжнародны ўзровень, стаўшы прэзідэнтам Еўразійскай канфедэрацыі таварыстваў праваўладальнікаў.

Сімвалам гэтага этапу стаў медаль Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці (WIPO), які прысудзілі кампазітару ў хуткім часе пасля смерці ў 2019 годзе.

Іронія лёсу: адзіная вядомая ўзнагарода кампазітару была прысуджана не за ўклад у нацыянальную музычную культуру, а фактычна за поспехі ў юрыдычнай сферы і стварэнне судовай практыкі.

Атрымліваючы ўзнагароду за мужа, Ірына Відава сфармулявала іх сямейнае крэда: «Алег на сваім прыкладзе, часта коштам уласнага здароўя, паказаў, што свае правы можна і трэба адстойваць».

Ірына Відава побач з мемарыяльнай дошкай у памяць пра Ігара Моўчана, адкрытай у кастрычніку 2020 года на доме па Ракаўскай вуліцы. Фота: СБ. Беларусь сегодня

Пасля смерці мужа Ірына Відава не проста атрымала спадчыну, але і заняла яго месца ў сістэме, узначаліўшы аўтарскую раду НЦІУ. Гэтую пасаду яна займала да 2022 года, пакуль яе не змяніла Ірына Дарафеева.

Музыка ў закладніках закона

Сітуацыя, якая склалася вакол «Малітвы», выглядае парадаксальнай. З аднаго боку — постаці першай велічыні: Янка Купала, чые словы даўно сталі грамадскім здабыткам, і Уладзімір Мулявін, чые геніяльнае выкананне і магутны голас зрабілі твор культавым.

З іншага — сям’я Моўчанаў, якая, узброіўшыся аўтарскім правам, нібы шляхта правам liberum veto, можа азмрочыць не толькі юбілей вялікага Песняра, але і ўвогуле пахаваць твор нацыянальнага значэння, кіруючыся ці то ўласнымі камерцыйнымі інтарэсамі, ці то асабістымі крыўдамі.

І хоць фармальна ўдава дзейнічае ў межах права, гэтая барацьба выглядае дробязнай і нават ганебнай, калі праваўладальніца даходзіць да таго, каб блакаваць выкладзеныя ў інтэрнэт відэа з канцэртаў. Гэтыя ролікі знятыя звычайнымі людзьмі, якія не маюць дачынення да арганізацыі мерапрыемстваў, а проста прыйшлі атрымаць асалоду ад творчасці Мулявіна і ўшанаваць яго памяць.

Такое агрэсіўнае адстойванне правоў прыводзіць да таго, што ўся творчасць, звязаная з імем Алега Моўчана, становіцца таксічнай. Рызыка атрымаць судовы іск, блакіроўку на YouTube ці патрабаванне вялікай кампенсацыі за выкананне вядомай песні пераважвае любую мастацкую мэтазгоднасць. Замест папулярызацыі спадчыны мужа дзеянні ўдавы вядуць да адваротнага эфекту.

У выніку «Малітва» ў выкананні Мулявіна рызыкуе стаць помнікам бескампраміснай барацьбе за «інтэлектуальную ўласнасць», дзе права забараняць выкананне твора аказалася важнейшым за права беларусаў чуць выдатны твор.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула