БЕЛ Ł РУС

Сёлета праваслаўнае духавенства ўпершыню не ўдзельнічала ў малітве за адзінства хрысціян

26.01.2026 / 21:52

Nashaniva.com

Сёлета ўпершыню ні ў адной каталіцкай парафіі Беларусі святары Праваслаўнай царквы не ўдзельнічалі ў экуменічным набажэнстве з нагоды Тыдня малітвы аб адзінстве хрысціян. Такой жа была сітуацыя ў Расіі, дзе малітвы з прадстаўнікамі іншых канфесій прайшлі ў Маскве і іншых гарадах без праваслаўнага духавенства (акрамя Калінінграда), піша Katolik.life.

Экуменічнае набажэнства з удзелам праваслаўнага архіепіскапа ў касцёле святога Мікалая ў Кіеве

Толькі ва Украіне да ініцыятывы далучыліся праваслаўныя — але не УПЦ Маскоўскага патрыярхату, а ПЦУ, архіепіскап якой удзельнічаў у набажэнстве ў касцёле святога Мікалая ў Кіеве.

Экуменічнае спатканне ў Заслаўі з удзелам арцыбіскупа-эмерыта Тадэвуша Кандрусевіча ўвогуле сёлета не адбылося, як даведаліся вернікі. Яно было анансаванае на 25 студзеня. У гэты дзень іерарх цэлебраваў у касцёле святую Імшу, пасля чаго была запланаваная малітва аб адзінстве хрысціян, на якую запрашалі прадстаўнікоў іншых канфесій.

Летась менавіта ў Заслаўі, а не ў Мінску ладзілі экуменічнае набажэнства, у якім удзельнічалі святар мясцовага праваслаўнага прыхода і арцыбіскуп Кандрусевіч. Тады паведамлялася, што з 2025 года арганізатары вырашылі ладзіць экуменічнае набажэнства не ў сталіцы, а ў розных парафіях архідыяцэзіі, каб уключыць іх у гэту ініцыятыву.

Аднак у 2026 годзе малітву аб адзінстве хрысціян зноў правялі ў мінскай архікатэдры — пры ўдзеле свецкага верніка БПЦ, а не святара. Планавалася экуменічная сустрэча і ў Заслаўі, як і летась, з запрашэннем праваслаўнага святара. Але набажэнства было адменена — вернікі могуць здагадвацца аб прычыне.

Тое, што ва ўсіх трох краінах прадстаўнікі Маскоўскага патрыярхату не ўдзельнічалі разам з каталікамі ў малітве аб адзінстве хрысціян, можа сведчыць пра тое, што гэта было цэнтралізаванае рашэнне, прынятае ў Маскве.

Праўда, экуменічнае мерапрыемства было таксама ў Гродне, дзе праваслаўны святар прысутнічаў, але не ўдзельнічаў у набажэнстве, а толькі зачытаў прывітанне ад архіепіскапа мясцовай праваслаўнай епархіі.

Чытайце таксама:

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама палез у палонку, але забыў, у які бок хрысцяцца ВІДЭА

Манашкі са Свята-Елісавецінскага манастыра дабраліся да Швецыі

Манах Юравіцкага манастыра памёр у 37 гадоў

Памятаеце праваслаўную пару студэнткі і выкладчыка, дзе ён старэйшы на 31 год? Цяпер яны грамадзяне Ізраіля

Каментары да артыкула