80% Харкава і вобласці засталіся без электрычнасці пасля расійскай атакі
Удар быў нанесены беспілотнікамі, а таксама пры дапамозе рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Тарнада-С».
Кіраўнік Харкаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў паведаміў, што ў выніку камбінаванага расійскага ўдару больш за 80% рэгіёна, у тым ліку абласны цэнтр, засталіся без электраэнергіі.
«Пад варожымі ўдарамі апынулася нашая энергетыка — ёсць даволі сур’ёзныя пашкоджанні», — сказаў Сінягубаў.
Паводле яго слоў, удар быў нанесены пры дапамозе рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Тарнада-С», а таксама беспілотнікаў.
«Разумеем, што частка Харкава без электразабеспячэння, па вобласці таксама прыменены аварыйныя графікі адключэнняў. Пакуль працуем практычна кругласутачна, каб ліквідаваць аператыўна наступствы і аднавіць пашкоджаную энергетыку», — адзначыў Сінягубаў.
Паводле слоў мэра горада Ігара Церахава, галоўнай мэтай атакі была энергетычная інфраструктура. Пашкоджанні ён ахарактарызаваў як вельмі цяжкія, што выклікала адключэнні святла практычна ва ўсіх раёнах горада.
Адна з ракет патрапіла ў раён спартыўнай школы побач з жылымі дамамі — пацярпелі 16 шматкватэрных дамоў (разбітыя дахі, выбітыя вокны).
Акрамя спартшколы, сур'ёзныя разбурэнні атрымаў будынак яшчэ адной школы. Сярод пацярпелых — ахоўнік навучальнай установы.
Пад ударам апынуліся таксама бізнэс-аб'екты і транспартная інфраструктура.
У апошнія тыдні расійскія вайскоўцы наносяць масаваныя ўдары па ўкраінскіх энергетычных аб’ектах. Раней найбольш моцным абстрэлам падвяргаўся Кіеў, дзе мноства жылых дамоў заставаліся без электрычнасці і ацяплення.
Зараз тэмпература паветра ў Харкаве апусцілася да мінус 13 градусаў.