БЕЛ Ł РУС

НАТА рыхтуецца да вайны ў Арктыцы

28.01.2026 / 08:00

Антось Жупран

Арктыка, якая доўгі час лічылася перыферыяй сусветнай бяспекі, паступова становіцца адным з ключавых рэгіёнаў для НАТА. Рост цікавасці ЗША да Грэнландыі падштурхоўвае краіны Альянсу сур’ёзна заняцца рэгіёнам, у якім Расія гадамі сістэмна нарошчвала сваю прысутнасць. З падрабязнасцямі знаёміць Financial Times.

Падраздзяленні Бундэсвера падчас вучэнняў НАТА Nordic Response у Нарвегіі. Сакавік 2024 года. Фота: Kay Nietfeld / picture alliance via Getty Image

Пасля заканчэння Халоднай вайны амаль усе арктычныя дзяржавы, уключаючы Расію, скарацілі сваю ваенную прысутнасць і закрылі базы. Аднак Масква пад кіраўніцтвам Уладзіміра Пуціна пачала аднаўляць свой патэнцыял у рэгіёне яшчэ ў 2000-х.

Як піша FT, сёння Расія кантралюе каля паловы арктычнай сушы і водных рэсурсаў, што забяспечвае ёй найбуйнейшую прысутнасць сярод усіх васьмі краін рэгіёна (куды ўваходзяць ЗША, Канада і пяць паўночнаеўрапейскіх дзяржаў). На сёння Масква мае больш за 40 ваенных аб’ектаў уздоўж арктычнага ўзбярэжжа, у тым ліку ваенныя базы, аэрадромы, радарныя станцыі і парты.

Ключавую ролю ў ядзернай дактрыне Расіі адыгрывае Паўночны флот у Севераморску. Паводле звестак Міжнароднага інстытута стратэгічных даследаванняў, якія прыводзіць выданне, там базуюцца 6 з 12 расійскіх атамных падводных лодак з ядзернай зброяй. Акрамя таго, Масква актыўна выкарыстоўвае палігон на Новай Зямлі для выпрабаванняў (напрыклад, ракеты «Буравеснік») і прасоўвае Паўночны марскі шлях як альтэрнатыву традыцыйным гандлёвым маршрутам.

Да расійскай пагрозы дадаюцца і інтарэсы Пекіна. Кітай, які абвясціў сябе «каляарктычнай дзяржавай», становіцца рэгіянальным гегемонам з глабальнымі амбіцыямі, што яшчэ больш ускладняе сітуацыю.

Міністр абароны Нарвегіі Турэ Сандвік акцэнтуе ўвагу на геаграфічнай блізкасці Кольскага паўвострава. Найкарацейшы шлях для міжкантынентальных ракет, запушчаных адтуль у бок амерыканскіх гарадоў, пралягае менавіта праз Арктыку.

Пры хуткасці 7 км за секунду такая ракета можа дасягнуць тэрыторыі ЗША ўсяго за 18 хвілін. Менавіта таму бяспека Арктыкі — гэта не лакальнае пытанне, а прамая абарона Вашынгтона, Лондана, Парыжа і Берліна.

Фактар Трампа 

Доўгі час паўночныя суседзі Расіі, якія назіралі за працэсамі нарошчвання яе магутнасцей у Арктыцы, безвынікова заклікалі НАТА да больш актыўных дзеянняў. Часткова прычынай такой пасіўнасці была пазіцыя буйных саюзнікаў, у прыватнасці, ЗША, якія не жадалі абвастраць становішча ў рэгіёне.

Сітуацыя змянілася, калі Дональд Трамп зрабіў Арктыку часткай сваёй стратэгіі «абароны Радзімы». Яго настойлівая цікавасць да Грэнландыі, якую многія ўспрымалі з іроніяй, насамрэч зрушыла фокус усёй кааліцыі. Пагадненне па Грэнландыі, дасягнутае з генсекам НАТА Маркам Рутэ, фактычна легітымізавала арктычную бяспеку як прыярытэт для ўсяго Альянсу.

Генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ і прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. 21 студзеня 2026 года. Фота: Chip Somodevilla / Getty Images

Як падкрэслівае выданне, цяпер краіны НАТА пачынаюць дзейнічаць больш актыўна. У сакавіку ў Нарвегіі пройдуць маштабныя вучэнні «Cold Response», у якіх прымуць удзел 25 000 вайскоўцаў, у тым ліку 4 000 з ЗША. Іх мэта — адпрацоўка вядзення вайны ў паветры, на моры і сушы ў суровых зімовых умовах.

Журналісты FT звяртаюць увагу, што ў выпадку канфлікту асноўнае супрацьстаянне разгорнецца не на сушы, а на моры і ў паветры. Асабліва важнымі лічацца два «вузкія месцы»: праліў паміж Грэнландыяй, Ісландыяй і Вялікабрытаніяй і «Мядзведжы праход» паміж нарвежскім архіпелагам Шпіцберген і мацерыковай часткай краіны, які заканчваецца каля Кольскага паўвострава.

Паводле FT, Нарвегія ўжо адыгрывае ключавую ролю ў маніторынгу гэтых раёнаў, выкарыстоўваючы самалёты-разведчыкі P8, спадарожнікі і беспілотнікі далёкага радыуса дзеяння, падводныя лодкі і фрэгаты. Гэта выгадна і Вашынгтону: амерыканцы залежаць ад разведданых паўночных саюзнікаў і выкарыстоўваюць іх паветраную прастору для назірання за Расіяй.

Як піша Financial Times, большая частка інтарэсаў у Арктыцы засяроджана на маніторынгу пагроз у паветры ці пад вадой, а не на падрыхтоўцы да наземных аперацый. Наземнае ўварванне ў Грэнландыю выглядае малаверагодным: большая частка вострава пакрыта лёдам і практычна непрыдатная для кантролю.

Для Трампа Грэнландыя — гэта ключ да будучай сістэмы супрацьракетнай абароны «Залаты купал». На паўночным захадзе вострава ўжо працуе база Пітуфік з радарамі ранняга папярэджання.

Шведская самаходная гаўбіца Archer падчас вучэнняў Dynamic Front 2024, лістапад 2024 года, Фінляндыя. Фота: Leon Neal / Getty Images

Многія ў Паўночнай Еўропе, аднак, непакояцца, што мілітарызацыя Арктыкі ператвараецца ў незваротны працэс. Да гэтага часу рэгіён лічыўся адным з нешматлікіх месцаў у свеце з нізкай напружанасцю. Суразмоўцы FT нагадваюць, што тут жывуць мільёны людзей, у тым ліку карэнныя народы, а кліматычныя і сацыяльныя праблемы адыходзяць на другі план з-за дамінавання пытанняў бяспекі.

Financial Times піша, што вайна ва Украіне часова аслабіла расійскую вайсковую прысутнасць у Арктыцы: некаторыя падраздзяленні былі перакінутыя на фронт і панеслі там цяжкія страты. Аднак, як падкрэсліваюць аўтары артыкула, Расія і Кітай гатовыя гуляць удоўгую, бо раставанне льдоў змяняе як эканамічныя, так і ваенныя магчымасці рэгіёна.

Чытайце таксама:

Расія выношвае планы захопу краін Балтыі, часткі Фінляндыі і Нарвегіі. НАТА змяняе планы процідзеяння ёй

Фінляндыя гатовая да ўдару Расіі і ўпэўненая, што пераможа

Трамп і Рутэ сфармулявалі пагадненне па Грэнландыі

Каментары да артыкула