БЕЛ Ł РУС

У Мінскім палацы дзяцей і моладзі адкрылі імітацыю турмы

27.01.2026 / 22:54

Nashaniva.com

У Мінскім палацы дзяцей і моладзі адкрылі інтэрактыўную пляцоўку «Бяспечная прастора», дзе ёсць імітацыя турэмнай камеры. У цырымоніі адкрыцця ўдзельнічалі і прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, піша Telegraf.news.

На сайце Мінгарвыканкама патлумачылі, што такім чынам вырашылі наладзіць «новыя, больш эфектыўныя формы прафілактычнай работы з моладдзю». Там запэўнілі, што новая навучальная прастора будзе працаваць штодня, а школьнікі будуць удзельнічаць у трэнінгах.

Новая пляцоўка прызначаная для навучання школьнікаў правілам паводзін у інтэрнэце і расказу пра рызыкі, звязаныя з наркотыкамі. У якасці навочнага дапаможніка там зрабілі сімулятар турмы.

Начальнік упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі ГУУС Мінгарвыканкама Кірыл Бяркозаў патлумачыў, што такім чынам хочуць наглядна паказаць дзецям наступствы ўдзелу ў кібер– і нарказлачынствах.

У частцы экспазіцыі, дзе зрабілі імітацыю турмы, дзецям расказваюць гісторыі асуджаных 17‑гадовых дзяўчынкі і хлопчыка, якім прызначылі «працяглыя тэрміны» за продаж наркотыкаў.

«У фармаце жывога эфіру яны расказваюць, як былі ўцягнутыя ў злачынную дзейнасць, страцілі свабоду і ўжо ў месцах пазбаўлення волі пераасэнсавалі сваё жыццё», — патлумачыў задуму Кірыл Бяркозаў.

Таксама школьнікам прапануюць паўдзельнічаць у 3D-імітацыі з VR-акулярамі (віртуальнай рэальнасці), дзе ім прапануецца пагадзіцца на ўжыванне наркотыкаў альбо паспрабаваць сябе ў якасці закладчыка.

«Усе сцэнарыі заканчваюцца аднолькава трагічна», — папярэдзіў прадстаўнік РУУС Мінска.

Чытайце таксама:

Лёс сына прапагандыста са «Спутніка», які прыйшоў да беларушчыны падлеткам, выклікаў буру эмоцый у яго сяброў

Навукоўцы папярэджваюць пра эру «нейразброі»

У Мінску запусцяць антынаркаманскі аўтобус. Пасажыраў будуць суправаджаць сілавікі

Міліцыя змяняе фармат службы 102. Як будзе па-новаму?

Каментары да артыкула