БЕЛ Ł РУС

«Толькі тры чалавекі будуць ведаць пра вас. Самы першы чалавек краіны». З'явіліся запісы размоў шпіёнкі Іны Кардаш з куратарам

28.01.2026 / 00:18

Nashaniva.com

Раніцай 27 студзеня стала вядома, што ва Украіне па падазрэнні ў шпіянажы затрымалі беларускую журналістку Іну Кардаш. Цяпер Служба бяспекі Украіны расказала больш падрабязна, як разам з падраздзяленнем уласнай бяспекі Галоўнага ўпраўлення разведкі прадухіліла спробу пранікнення агенткі беларускага КДБ у структуры Сіл абароны Украіны. Таксама апублікаваныя размовы жанчыны з куратарам, а таксама відэа, на якім яна хваліцца, што мае 10‑гадовы вопыт працы ў спецслужбах і сувязі «вышэй за КДБ». Расшыфроўкі гэтых размоў зрабіла выданне Reform.news.

Іна Кардаш. Фота: фэйсбук

Як паведамляецца, у выніку шматэтапнай спецаперацыі ў Кіеве была затрыманая добра заканспіраваная 35‑гадовая шпіёнка, якая супрацоўнічала з КДБ Беларусі яшчэ з 2015 года. 

Паводле матэрыялаў справы, у 2020 годзе яе накіравалі з Мінска для агентурнай дзейнасці ва Украіне. На той момант яна ўжо знаходзілася ў полі зроку СБУ, якая паступова фіксавала яе разведвальную актыўнасць. Так, у яе распараджэнні аказаўся запіс, дзе Іна Кардаш расказвае пра свае агентурныя ўменні:

«Кардаш: Мне проста больш падыходзіць роля разведчыка пад прыкрыццём журналіста. Вось гэта праўда. Я праўда здабываць умею вельмі добра інфармацыю».

Кардаш сапраўды дзейнічала пад прыкрыццём журналісткі і пэўны час працавала ў якасці ўласнага карэспандэнта «112 канала» Віктара Медзведчука ў краінах былога СССР.

«Куратар: Уявіце, што вы знаходзіцеся ў доўгатэрміновай камандзіроўцы, то штомесяц, у залежнасці ад таго, як і што ёсць, я прапаную вам 3 еўра для пачатку.

Кардаш: 3 тысячы?

Куратар: 3 тысячы еўра».

Пасля закрыцця медыярэсурсаў Медзведчука КДБ Беларусі пры каардынацыі з вышэйшым ваенна-палітычным кіраўніцтвам краіны накіраваў агентку ва Украіну. Куратар пераконваў яе, што рашэнне аб супрацоўніцтве прымае асабіста Аляксандр Лукашэнка.

«Куратар: Праз аднаго чалавека прымаецца рашэнне вас прыняць. Самы першы чалавек нашай краіны. То-бок у нас тры чалавекі, якія будуць ведаць толькі пра вас. І можа тэхнічна нават, калі вы бачылі, то зразумееце, пра што я кажу. Гэта не класіка, а менавіта… Менавіта бяспека, якая з пункту гледжання бяспекі вашай. Ёсць і вопыт, ёсць і падтрымка ад першай асобы наогул нашай краіны. Таму што мы размаўляем пра такія рэчы. Гэта наогул унікальныя рэчы. І па тваёй кандыдатуры пытанне будзе абмяркоўвацца. Галоўнае, каб я неяк зразумеў, куды мы ідзём».

Яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны Кардаш уладкавалася ў агенцтва «Інтэрфакс-Украіна» і выкарыстоўвала гэтую працу, а таксама кантакты калег, каб наладжваць сувязі з украінскімі палітыкамі, вайскоўцамі і замежнымі дыпламатамі.

Ужо падчас поўнамаштабнага ўварвання куратар загадаў ёй выехаць у адну з краін ЕС для дадатковага інструктажу. Мяжу яна перасякала пад выдуманай падставай медыцынскага абследавання. Для сувязі з беларускім спецслужбістам жанчына набыла новы смартфон з «аднаразовай» SIM-картай, а пасля кантакту пазбавілася ад прылады.

«Куратар: Скідай да завадскіх наладаў і выпадкова проста разбі яго, усё.

Кардаш: Знішчыць яго?

Куратар: Так, вядома. Ну навошта. Ну ўяві, ты паедзеш туды і будзеш з гэтай трубкай. Тым больш, ты кажаш, што ў цябе ў кватэры, дзе ты працуеш, вакол людзей шмат. Прыйдзецца ад гэтага новага тэлефона пазбавіцца, разбіць. Нічога тут страшнага ў гэтым няма. Трэба — у два-тры разы кампенсуем табе грошы. Усё, што трэба, аддам. Далей, як ты захочаш. Мы пра гэтыя рэчы пагаворым».

Падчас інструктажу агентка атрымала заданне збіраць звесткі пра грамадзян Беларусі і Расіі, якія дапамагаюць Украіне падчас вайны. Акрамя таго, ёй даручылі ўсталёўваць нефармальныя кантакты з прадстаўнікамі пасольства Кітая ва Украіне, каб збіраць разведданыя пра дзейнасць кітайскіх дыпламатаў.

Пасля вяртання ў Кіеў Кардаш паспрабавала ўладкавацца ў адно са штабных падраздзяленняў вайсковай разведкі Украіны, дзе трапіла пад кантроль службы ўласнай бяспекі ГУР. Са сваім куратарам жанчына абмяркоўвала, як прайсці паліграф.

«Кардаш: І яшчэ, давайце так, я не павінна ведаць, бо мне праходзіць паліграф, я не павінна ведаць, з кім я размаўляю, добра?

Куратар: Добра. Проста, ты ж разумееш, будуць пытанні.

Кардаш: Добра. Мне ўсё роўна, хто там будзе размаўляць, таму я не павінна ведаць. Калі б не было паліграфа, вядома, я хацела б ведаць. Але мне праходзіць яго ў найбліжэйшыя два тыдні, таму».

Таксама апублікавана відэа, на якім жанчына расказвае, як яе навучылі праходзіць паліграф.

«І мне проста добра тым, што ў мяне на пальцах пот не выдзяляецца ў прынцыпе. У мяне адбіткі цяжка зняць. То-бок яны мае пальцы цяжка пралічаць. Сэрцабіцце — яно ў мяне слабае. І я сябе навучыла ўжо, як мне тлумачылі, як з паліграфам працаваць… Я рана ці позна разумела, што ў мяне будзе паліграф, і вось я рыхтавала сябе да гэтага. Ты проста на стромныя пытанні… Ты ў галаве з імі працуеш, і не тое, што пераконваеш сябе ў адваротным, бо яно не спрацуе», — кажа яна.

Дзякуючы своечасоваму выкрыццю, СБУ і ГУР пачалі з Кардаш працяглую аператыўную гульню, якая дазволіла не толькі зафіксаваць усе яе дзеянні, але і праз яе сістэмна дэзынфармаваць беларускую спецслужбу.

У прыватнасці, КДБ было наўмысна накіравана на атрыманне і капіраванне хлуслівая «сакрэтная» інфармацыя, якая кантралявана распаўсюджвалася вакол агенткі. Таксама былі зафіксаваныя спробы падбору асобаў для магчымага вербавання ў агентурную сетку.

На яшчэ адным відэа прыводзіцца размова агенткі з байцом УСУ пры спробе вярбоўкі. Яна сцвярджае, што працуе не з КДБ, а «значна вышэй».

«Кардаш: Ты хочаш мне патлумачыць, чалавеку з дзесяцігадовым вопытам стажу ў службах, як гэта працуе? Ты хочаш мяне чамусьці павучыць? Я думаю, што не варта. Табе было патлумачана, чым, і як, і што. І цябе ніхто ні да чаго не прымушае. Наогул. Не хочаш — не трэба. Гэта не КДБ. Гэта значна вышэй. Ніхто больш мяне ў гэтым жыцці не кране. Асабіста для мяне гэта п*здзец як добра. Цябе ніхто не кране. Гэта проста пад гарантыі ўсялякія, у тым ліку мае асабістыя і гэтак далей. Цябе ніхто не кране.

Баец УСУ: Гэта так не працуе.

Кардаш: Гэта так працуе. *** гэта так працуе.

Баец УСУ: Гэта так не працуе. І ты са сваім дзесяцігадовым стажам павінна была гэта ўжо зразумець».

Пасля збору поўнай доказнай базы СБУ сумесна з ГУР Мінабароны Украіны затрымала шпіёнку паблізу месца яе пражывання. У яе канфіскавалі смартфон і дыктафон, на якія яна запісвала закрытую інфармацыю.

Цяпер ёй выстаўлена падазрэнне паводле ч. 1 арт. 114 Крымінальнага кодэкса Украіны (шпіянаж). Яна знаходзіцца пад вартай і можа атрымаць да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Спецаперацыя праводзілася пад працэсуальным кіраўніцтвам Офіса Генеральнага пракурора Украіны.

Чытайце таксама:

У Кіеве за шпіянаж арыштавалі беларускую журналістку Іну Кардаш. Кажуць, з 2015 года яна працавала на КДБ

СБУ затрымала ўкраінку, якую абвінавачваюць у навядзенні расійскіх удараў па кіеўскіх ЦЭЦ

СБУ затрымала ў Кіеве агента, які працаваў на спецслужбы Беларусі

Каментары да артыкула