БЕЛ Ł РУС

У чацвер на мяжы з Польшчай для фур адкрыюць новую зону чакання памерам з 30 футбольных палёў

28.01.2026 / 08:31

Nashaniva.com

У пункте пропуску «Казловічы» на беларуска-польскай мяжы ў чацвер, 29 студзеня, збіраюцца адкрынць найбуйнейшую на постсавецкай прасторы зону чакання для грузавога транспарту. Як расказалі Office Life у «Белмытсэрвісе», тут абсталявалі тэрыторыю плошчай 21 гектар, або амаль 30 футбольных палёў.

Фота: OL

Цяпер каля пункта пропуску «Казловічы» дзейнічаюць зоны чакання плошчай 33 гектары. На новай пляцоўцы чакання могуць размясціцца адначасова 800 фур. Іх кіроўцы змогуць скарыстацца тут дадатковымі паслугамі: прыняць душ, памыць, пасушыць і пагладзіць рэчы, зарадзіць рэфрыжэратары. Будзе працаваць і кругласутачнае кафэ на 30 столікаў.

Тут таксама ўкаранілі сістэму электроннай чаргі транспарту для ўезду ў пункт пропуску «Казловічы». У сувязі з гэтым, як падкрэслілі ў «Белмытсэрвісе», з 15:00 29 студзеня электронную рэгістрацыю для ўезду фур на пагранпераход будуць праводзіць ужо перад уездам на новую пляцоўку па адрасе: Брэсцкі раён, Клейнікаўскі сельсавет, дом 10Б, корпус 1.

Зону чакання для фур у «Казловічах» пачалі ўзводзіць яшчэ ў 2023 годзе. Як адзначылі ў «Белмытсэрвісе», праект рэалізоўвалі ў некалькі этапаў. З лістапада 2023‑га па снежань 2024‑га займаліся падрыхтоўкай пляцоўкі. Асноўныя работы выконвалі ў апошні год. У мінулым годзе ўвялі ў эксплуатацыю паркоўку на 90 грузавікоў з інфармацыйным табло, КПП, зонай адпачынку і санітарным блокам.

У студзені гэтага года завяршылі ўзвядзенне яшчэ адной зоны плошчай 15,4 гектара на 700 з лішнім фур. На завяршальным этапе праектуецца замена знешніх сетак электразабеспячэння, каб павысіць надзейнасць забеспячэння электрычнасцю як самога «Белмытсэрвіса», так і іншых арганізацый Брэстчыны. У тым ліку ДЭУ-21 прадпрыемства «Брэстаўтадар», Брэсцкай пагранічнай групы, мытні і бліжэйшых крам.

У далейшым хочуць рэканструяваць пляцоўку для чакання выезду за мяжу легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў каля «Варшаўскага моста». Акрамя таго, у мінулым годзе на беларуска-літоўскай граніцы збіраліся пачаць будаўніцтва другой пляцоўкі чакання побач з пунктам пропуску «Каменны Лог», а таксама праектаваць зону чакання на пагранпераходзе «Грыгароўшчына» на латвійскай граніцы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула