БЕЛ Ł РУС

У Вільні ўчора прызямліўся кантрабандны шар з беларускімі цыгарэтамі

28.01.2026 / 08:36

Nashaniva.com

Чалавек, які прыбыў па груз, параніў супрацоўніка паліцыі і збег, паведаміў у сераду Дэпартамент паліцыі.

Кантрабандныя паветраныя шары | фота VRM

Каля 21:00 у аўторак да знойдзенай скрынкі пад'ехаў аўтамабіль Mercedes Benz ML350 4MATIC. Мужчына, які выйшаў з машыны, накіраваўся да грузу, аднак, заўважыўшы паліцыянтаў, пабег і заскочыў назад у аўтамабіль, паведамляе LRT.

Пакідаючы месца здарэння, аўтамабіль зачапіў 25‑гадовага супрацоўніка паліцыі Віленскага павета ва ўніформе. Паліцэйскі па медыцынскую дапамогу не звяртаўся.

На месцы здарэння было выяўлена і канфіскавана 1500 пачкаў цыгарэт «NZ Gold» з беларускімі акцызнымі маркамі.

З-за пагрозы, звязанай з кантрабанднымі шарамі з Беларусі, учора ўвечары некалькі разоў уводзіліся абмежаванні на палёты ў Віленскім аэрапорце, упершыню з 6 снежня.

Паветраную прастору над аэрапортам часова закрывалі ў мэтах бяспекі грамадзянскай авіяцыі, пасажыраў і насельніцтва — службы фіксавалі навігацыйныя адзнакі, характэрныя для палётаў метэаралагічных шароў.

У выніку абмежаванняў частка рэйсаў была затрымана, некалькі самалётаў перанакіравалі ў Рыгу і Коўна, усяго змены закранулі каля 700 пасажыраў. Таксама паведамлялася аб збоях у ратацыі экіпажаў і паветраных суднаў, з-за чаго асобныя затрымкі магчымыя і сёння.

Сітуацыю кантралявалі службы грамадзянскай авіяцыі і Нацыянальны цэнтр кіравання крызісамі. Пасля ацэнкі рызык паветраная прастора над Віленскім аэрапортам была зноў адкрыта.

З-за пагрозы кантрабандных шароў з Беларусі, якія абмежавалі працу віленскага аэрапорта, міністр транспарту Юрас Тамінскас не змог вярнуцца з камандзіроўкі ў Бруселі, паведаміў прадстаўнік міністра Лукас Пашкявічус.

«Міністр сёння ўвечары паспяхова прызямліўся ў Варшаве, але са сталіцы Польшчы каманда не змагла дабрацца да Літвы. Абмежаванні паветранай прасторы ўведзены да 00:18», — паведаміў прадстаўнік Тамінскаса.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула