Ценявы флот Пуціна пад пагрозай — 14 краін Еўропы хочуць заблакаваць яго ў Балтыйскім моры
Чатырнаццаць еўрапейскіх дзяржаў выступілі з сумесным папярэджаннем для танкераў з так званага «ценявога флоту» Расіі, якія выкарыстоўваюцца для абыходу санкцый і перавозкі нафтапрадуктаў праз Балтыйскае і Паўночнае моры.
Гэтыя краіны заявілі, што будуць перашкаджаць суднам, якія парушаюць міжнародныя нормы суднаходства і санкцыі, — гэта значыць тым, хто не мае пастаяннай нацыянальнай рэгістрацыі, правільнага страхавання і дакументаў па бяспецы, піша Bild.
У сумеснай заяве, падпісаным Бельгіяй, Даніяй, Эстоніяй, Фінляндыяй, Францыяй, Германіяй, Ісландыяй, Латвіяй, Літвой, Нідэрландамі, Нарвегіяй, Польшчай, Швецыяй і Вялікабрытаніяй, гаворыцца, што ад Расіі існуе пагроза бяспецы міжнароднага суднаходства. Краіны пералічылі парушэнні, уключаючы махлярства з ідэнтыфікацыйнымі звесткамі многіх суднаў.
Адны з асноўных пунктаў заявы:
— судны павінны плаваць толькі пад сцягам адной краіны і мець дзейсныя дакументы па бяспецы і страхаванні,
— калі яны гэтага не выконваюць — напрыклад, мяняюць сцяг, адключаюць транспондэры або не маюць патрэбных дакументаў — іх будуць разглядаць як судны без грамадзянства. Гэта значыць, што ў адпаведнасці з Канвенцыяй ААН па марскім праве вайсковыя караблі могуць іх затрымліваць і аглядаць у адкрытым моры.
Краіны таксама звярнулі ўвагу на праблемы з перашкодамі працы спадарожнікавых сістэм навігацыі, што павышае рызыку для бяспекі марскога транспарту.
Эстонскі і нямецкі чыноўнікі падкрэсліваюць, што гэтыя танкеры, часта старыя і кепска абсталяваныя, таксама ўяўляюць экалагічную пагрозу, бо могуць станавіцца прычынай аварый і забруджвання мораў.