Гайдукевіч: Жанчыне лепш веласіпед і самакат, а не машына
«Якую машыну ні купі — праз тыдзень бампер пабіты. 18 гадоў пабіты бампер, 18 гадоў машына стаіць пасярод горада без бензіну!»
Алег Гайдукевіч падчас эфіру. Скрын відэа. Крыніца: gaidukevich77 / Threads
Кіраўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі, дэпутат Алег Гайдукевіч у размове з журналісткай Аленай Радоўскай падзяліўся гісторыяй свайго сямейнага жыцця, якая, на яго думку, ілюструе адносіны жанчын з аўтатранспартам. Гэты момант размовы ён размясціў на сваёй старонцы ў Threads.
«Я быў жанаты 18 гадоў. 18 гадоў мая жонка забывала запраўляцца! Яна ўвесь час спынялася пасярод горада, тэлефанавала мне і казала: «Бензін скончыўся». І так было 18 гадоў.
Я клаў каністру, я кіроўцу прасіў, каб яе заправілі — нічога за 18 гадоў не змянілася. Вось вы, жанчыны, як за рулём!
І якую машыну ні купі — праз тыдзень бампер пабіты. 18 гадоў пабіты бампер, 18 гадоў машына стаіць пасярод горада без бензіну!» — са звыклай эмацыйнасцю крычаў Гайдукевіч.
На пытанне журналісткі, ці ездзіць цяпер яго жонка за стырном, і хто яе запраўляе і рамантуе бампер, палітык, пацёршы нос (прыкмета падману), нагадаў, што цяпер ён у разводзе і запэўніў:
«Былы муж. Былы муж — гэта назаўсёды. (…) Ну а як можна адмовіць былой жонцы? Вось як? Вось патэлефануе былая жонка, і хто? Хто дапаможа?»
«Маё меркаванне: жанчыне лепш веласіпед, электрасамакат, вялікі шлем — і каб яна спакойна ехала куды трэба», — працягнуў Гайдукевіч.
Марыя, былая жонка Алега Гайдукевіча, пасля разводу з'язджала да бацькоў у ЗША, але цяпер, відаць, вярнулася. Яна працуе выкладчыцай ёгі ў Мінску.
Бацька Марыі — былы старшыня Дзяржаўнага камітэта каштоўных папер Валянцін Шухно.