БЕЛ Ł РУС

Расія дазволіла Беларусі заплаціць $250 мільёнаў па крэдытах пазней

28.01.2026 / 16:52

Nashaniva.com

Расія афіцыйна дала Беларусі адтэрміноўку па выплаце каля 250 мільёнаў даляраў па крэдытах, раней выдадзеных Мінску. Адпаведнае пагадненне ратыфікавалі Дзярждума і Савет Федэрацыі.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

Сам дакумент падпісалі летам 2025 года: 27 чэрвеня — у Мінску, а 30 чэрвеня — у Маскве. Як растлумачыў намеснік міністра фінансаў Расіі Уладзімір Колычаў, гаворка ідзе пра перанос плацяжоў, таму пагадненне патрабавала зацвярджэння расійскім парламентам. Агульная сума адкладзеных выплат складае прыкладна 250 мільёнаў даляраў.

Паводле ўмоў дакумента, Беларусь атрымала магчымасць перанесці пагашэнне асноўнага доўгу па расійскіх крэдытах на перыяд з 2032 да 2037 года. Раней, у сакавіку мінулага года, Расія ўжо дазволіла Мінску адкласці выплаты яшчэ прыкладна на 800 мільёнаў даляраў.

У ліпені мінулага года цяпер ужо былы міністр фінансаў Беларусі, а цяпер пасол у Расіі Юрый Селіверстаў падчас паездкі ў Расію паведаміў, што з расійскім бокам абмяркоўваліся пытанні рэфінансавання старых запазычанасцяў, а таксама прыцягнення новых крэдытаў для інвестыцыйных праектаў. Паводле яго слоў, супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі вядзецца пастаянна і ў цесным фармаце.

Згодна з бюджэтам Беларусі на 2025 год, ліміт знешняга дзяржаўнага доўгу быў вызначаны на ўзроўні 19,2 мільярда даляраў у эквіваленце. На пагашэнне ўнутранага і знешняга дзярждоўгу планавалася накіраваць 10,6 мільярда беларускіх рублёў, а на яго абслугоўванне — каля 4,7 мільярда.

Паводле даных Нацбанка, па стане на 1 ліпеня 2025 года знешні доўг краіны складаў 46% ад ВУП. У грашовым выражэнні валавы знешні доўг за першае паўгоддзе павялічыўся на 2,7 мільярда даляраў і дасягнуў 37,7 мільярда даляраў.

Чытайце таксама:

Міністр фінансаў расказаў, на што Беларусь просіць грошай у Расіі

Расія рэфінансуе частку выдадзеных Беларусі крэдытаў

Пуцін адтэрмінаваў для Беларусі плацяжы па расійскіх крэдытах. Гаворка пра гіганцкую суму

Каментары да артыкула