БЕЛ Ł РУС

WSJ апісала тры сцэнары развіцця падзей ва Украіне ў 2026 годзе

29.01.2026 / 09:11

Nashaniva.com

Па ацэнцы выдання, найбольш імаверным з'яўляецца працяг вайны, у той час як перамовы аб яе завяршэнні будуць ісці па коле.

Наступствы ўдару па Адэсе 27 студзеня 2026 года. Фота: Andrew Shugsun / Global Images Ukraine via Getty Images

Аднак нарастаючае напружанне сёлета можа паслабіць пазіцыі Кіева ці Масквы, вымусіўшы іх пайсці на здзелку, да якой яны пакуль не гатовы. Асноўныя тэзісы WSJ пераказвае «Агенцтва».

Сцэнар 1. Працяг вайны. Крэмль па-ранейшаму ўпэўнены, што ўкраінская армія зламаецца раней, чым эканоміка Расіі, аднак Украіна яшчэ далёкая ад краху, гаворыцца ў публікацыі.

Пры гэтым абодва бакі баяцца гневу Трампа з-за тупіковай сітуацыі ў перамовах. Украіна па-ранейшаму мае патрэбу ў разведданых і іншай падтрымцы з боку ЗША, а Расія ўразлівая да больш жорсткіх санкцый. Таму кожны бок імкнецца паказаць, што паводзіць сябе канструктыўна, а вінаваты ў працягу вайны праціўнік.

Для ўкраінскага грамадства і кіраўніцтва перадача незахопленых тэрыторый Расіі застаецца адной з «чырвоных ліній». «Ідэя аддаць Данбас расіянам выглядае так, што яны атрымаюць бясплатна тэрыторыю, на захоп якой у адваротным выпадку, верагодна, выдаткавалі б яшчэ паўмільёна чалавек», — сказаў былы міністр абароны Украіны Андрэй Загараднюк.

Уладзімір Зяленскі супраціўляецца ціску з мэтай перадачы Данбаса і заяўляе, што любая здзелка па тэрыторыі залежыць ад гарантый бяспекі, якія ўключалі б еўрапейскія ваенныя базы ва Украіне і, што асабліва важна, падтрымку з боку ЗША.

Ва ўкраінскім грамадстве захоўваецца «вялікі скептыцызм» наконт перамоваў пад кіраўніцтвам ЗША, кажа Загараднюк. Паводле яго слоў, гэта тлумачыцца тым, што кожная ваенная, прамысловая і палітычная падзея ў Расіі сігналізуе пра яе намер працягваць ваяваць.

Сцэнар 2. Украіна здаецца першай. Найбольшай рызыкай для Кіева WSJ назвала знясіленне УСУ. Адданыя салдаты змагаюцца без адпачынку шмат гадоў, а навабранцы, якія не адчуваюць энтузіязму, усё часцей дэзертуюць, гаворыцца ў публікацыі. УСУ кампенсуюць недахоп пяхоты пастаянным удасканаленнем сваіх магчымасцяў у галіне беспілотнікаў, але Расія нядаўна дагнала Украіну ў выкарыстанні дронаў, піша WSJ.

Ваенныя эксперты не чакаюць, што сёлета сітуацыя на полі бою зменіцца. Практычна бесперапынны наступ Расіі ў Данбасе з канца 2023 года стаў адным з самых павольных і дарагіх у ваеннай гісторыі. Неба, запоўненае беспілотнікамі, зрабіла буйнамаштабныя манеўры практычна немагчымымі.

Калі Украіна вычарпае свае сілы, ёй, магчыма, прыйдзецца пайсці на пагадненне, якое будзе цяжка прыняць, але якое будзе лепшым, чым альтэрнатыўны варыянт, гаворыцца ў публікацыі. Гэта можа пацягнуць задавальненне патрабаванняў Масквы ў дачыненні да тэрыторыі, абмежавання ваеннай моцы Украіны і аднаўлення ўплыву Расіі на жыццё ў краіне, пры гэтым ЗША дадуць толькі слабыя гарантыі бяспекі, піша WSJ.

Сцэнар 3. Расія стамляецца. Расійская эканоміка знаходзіцца ў стагнацыі, многія грамадзянскія галіны скарачаюцца. Нізкія цэны на нафту, украінскія ўдары па НПЗ і дзеянні ЗША і Еўропы супраць расійскага «ценявога флоту» ціснуць на энергетычны сектар, ад якога залежаць даходы Крамля.

Бізнэс-эліта Расіі даўно незадаволена тым, як вайна дэфармуе эканоміку, робячы яе празмерна залежнай ад ваеннай вытворчасці, а таксама ад Кітая, які пастаўляе тэхналогіі і купляе нафту, піша WSJ. Пры гэтым пакуль, паводле ацэнкі выдання, няма ніякіх прыкмет таго, што Пуцін турбуецца аб негатыўнай рэакцыі з боку эліт ці расійскага грамадства.

Тым не менш Расія не можа весці вайну бясконца. Больш жорсткія санкцыі і іх больш строгае прымяненне могуць паскорыць яе завяршэнне, піша WSJ.

Калі Расія ці абодва бакі прыйдуць да высновы, што не могуць працягваць вайну, перамовы могуць ператварыцца ў больш сур'ёзны пошук пагаднення.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула