У вёску Асіповіцкага раёна прыйшоў зубр, але ад пачастункаў мясцовых адмовіўся ФОТА
Затое яго прываблівалі ліхтары.
Фота: «Асіповіцкі край»
Жыхары вёскі Слабада сталі сведкамі рэдкай падзеі — у цэнтр населенага пункта прыйшоў зубр. Ён паводзіў сябе спакойна, нават флегматычна.
Паводле слоў жыхаркі вёскі Алены Жуковіч, звер з’явіўся ў ваколіцах некалькі дзён таму: спачатку яго бачылі на полі і каля дарогі Свіслач — Ялізава, а ўчора ўвечары ён зайшоў непасрэдна ў Слабаду.
«Ён быў спакойны, у асноўным стаяў, а калі рухаўся, то не спяшаючыся, ляніва неяк», — расказала яна «Асіповіцкаму краю».
Фота: «Асіповіцкі край»
Людзі спрабавалі пачаставаць госця хлебам і буракамі, але зубр адмовіўся ад ежы.
У той жа час жывёлу чамусьці прыцягвалі вулічныя ліхтары. Зубр падоўгу стаяў пад святлом, пасля чаго павольна пераходзіў да наступнага слупа.
У адным з двароў волат перагарадзіў вароты, з-за чаго гаспадар дома, вярнуўшыся з працы, быў вымушаны шукаць абходны шлях, каб патрапіць дадому.
Бліжэй да ночы зубр прылёг адпачыць, а каля дзвюх гадзін ночы знік. Мяркуючы па слядах, ён накіраваўся ў бок пасёлка Ялізава.