БЕЛ Ł РУС

Навучэнец каледжа катаваў свайго непаўналетняга суседа па пакоі і здымаў на відэа — вынесены прысуд

29.01.2026 / 12:24

Nashaniva.com

Выкарыстоўваючы кайданкі, ізаляцыйную стужку і пнеўматычную зброю, навучэнец старшага курса здзекаваўся з 16‑гадовага падлетка, пакуль яго аднакурснік фіксаваў катаванні на камеру.

Паводле пракуратуры Слуцкага раёна, 18‑гадовы навучэнец прафесійна-тэхнічнага каледжа ў адзін з дзён верасня 2025 года наўмысна збіваў 16‑гадовага падлетка, які жыў з ім у адным пакоі.

Хлопец скаваў рукі падлетка за спінай металічнымі кайданкамі, абматаў вакол галавы ізаляцыйную стужку, пасля чаго нанёс не менш за восем удараў рукамі па розных частках цела суседа і зрабіў па ім два стрэлы пластыкавымі кулямі з пнеўматычнага пісталета.

Тое, што адбывалася, здымаў на відэа аднакурснік маладзёна, потым ён апублікаваў гэта ў сеціве.

Суд Слуцкага раёна прызначыў абвінавачанаму 2 гады і 6 месяцаў «хіміі» са штрафам у памеры 60 базавых велічынь (на суму 2700 рублёў). Суд таксама прысудзіў выплаціць 2000 рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды.

Прысуд у законную сілу не ўступіў, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула