БЕЛ Ł РУС

У ЗША мужчына пад выглядам агента ФБР спрабаваў вызваліць з турмы Луіджы Манджонэ

30.01.2026 / 09:13

Nashaniva.com

Забойцу кіраўніка найбуйнейшай страхавой кампаніі UnitedHealthcare Браяна Томпсана Луіджы Манджонэ пачалі называць героем яшчэ да таго, як яго імя абвясціла паліцыя, а многія прызналіся, што адчулі калі не радасць, то задавальненне, калі дазналіся пра гібель страхоўшчыка-мільянера.

Луіджы Манджонэ. Фота: Steven Hirsch-Pool / Getty Images

Мужчына пад выглядам агента Федэральнага бюро расследаванняў (ФБР) паспрабаваў вызваліць з турмы Луіджы Манджонэ, якога абвінавачваюць у забойстве кіраўніка страхавой кампаніі UnitedHealthcare Браяна Томпсана ў снежні 2024 года. Забойства высокапастаўленага страхоўшчыка выклікала шырокую дыскусію ў ЗША аб кошце медыцынскага абслугоўвання, піша Бі-бі-сі.

36‑гадовы жыхар амерыканскага штата Мінесота Марк Андэрсан прыйшоў у федэральную турму Нью-Ёрка, назваўся агентам ФБР і заявіў, што ў яго ёсць пастанова суда аб вызваленні Манджонэ.

Калі супрацоўнікі следчага ізалятара Metropolitan Detention Center у Брукліне запатрабавалі паказаць дакументы, Андэрсан паказаў пасведчанне кіроўцы штата Мінесота і заявіў, што ўзброены.

Супрацоўнікі абшукалі яго і знайшлі ў яго відэлец для барбекю і круглае сталёвае лязо, якое вонкава нагадвае нож для піцы.

Паліцэйскія затрымалі Андэрсана.

Кіраўнік найбуйнейшай амерыканскай кампаніі ў галіне медыцынскага страхавання — UnitedHealthcare — Браян Томпсан быў забіты 4 снежня 2024 года. Стральба адбылася ў ажыўленай частцы Манхэтэна, недалёка ад Таймс-сквер і Цэнтральнага парка. Праз шэсць дзён Манджоне затрымалі і выставілі абвінавачванні. З таго часу ён знаходзіцца ў турме Брукліна з 2024 года.

Ён не прызнаў сябе вінаватым.

Забойства Браяна Томпсана ўскалыхнула амерыканскае грамадства і прадэманстравала незадаволенасць многіх амерыканцаў недаступнасцю медыцыны.

Меркаванага забойцу сталі называць героем яшчэ да таго, як яго імя назвала паліцыя, а многія прызналіся, што адчулі калі не радасць, то задавальненне, калі даведаліся пра гібель страхоўшчыка-мільянера.

З моманту арышту Манджонэ прыцягнуў значную колькасць прыхільнікаў як у інтэрнэце, так і на судовых паседжаннях.

Прычына такой рэакцыі — у наймацнейшай незадаволенасці (калі не сказаць ярасці) мноства амерыканцаў тым, як працуюць медыцынскія страхавыя кампаніі і ў цэлым сістэма аховы здароўя ў ЗША. Даходы страхоўшчыкаў растуць — і гэта на фоне мноства адмоў кліентам у аплаце расходаў на лячэнне.

Манджонэ выставілі абвінавачванні ў наўмысным забойстве як на ўзроўні штата, так і на федэральным узроўні. У штаце Нью-Ёрк, дзе быў забіты Томпсан, смяротнае пакаранне забаронена, абвінавачванне на ўзроўні штата пагражае Манджонэ пажыццёвым зняволеннем. Аднак на федэральным узроўні за такое злачынства зламыснік можа быць асуджаны на смяротнае пакаранне, і абвінавачанне ўжо заявіла, што плануе запытаць менавіта найвышэйшую меру пакарання.

Адбор прысяжных па справе Манджонэ запланаваны на верасень.

Чытайце таксама:

Затрымалі хлопца, які забіў у цэнтры Нью-Ёрка кіраўніка найбуйнейшай страхавой кампаніі ЗША

У Нью-Ёрку пачынаецца працэс над Луіджы Манджоне. Яго абвінавачваюць у забойстве кіраўніка страхавой кампаніі, якое ўсхвалявала ЗША

Каментары да артыкула