БЕЛ Ł РУС

16 таксапаркаў злавілі на выплатах заробкаў у канвертах

30.01.2026 / 16:12

Nashaniva.com

Органы фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю выявілі, што ў 16 таксапарках Мінска і Мінскай вобласці заробак у канвертах атрымлівалі больш за 4 тысячы кіроўцаў.

Фота ілюстрацыйнае

Паведамляецца, што кіраўнікі і службовыя асобы гэтых кампаній арганізавалі сістэму, пры якой наяўныя грошы ад кліентаў кіроўцы пакідалі сабе як няўлічаную частку даходу. Калі такіх сродкаў не хапала (напрыклад, калі пасажыры часта разлічваліся карткамі), у офісах таксапаркаў кіроўцам дадаткова выдавалі наяўныя грошы, загадзя абнаяўленыя кампаніямі.

Частку безнаяўных плацяжоў кіраўніцтва здымала праз карпаратыўныя карткі пад выглядам выдаткаў «на гаспадарчыя патрэбы». Каб прыкрыць гэта, выкарыстоўваліся фіктыўныя чэкі і дакументы з АЗС, СТА, аўтамыйняў і іншых устаноў, узятыя ў знаёмых і ўключаныя ў бухгалтарскі і падатковы ўлік.

У выніку таксапаркі не заплацілі падаходны падатак з фізічных асобаў на суму больш за 5 мільёнаў рублёў. Цяпер таксама падлічваецца запазычанасць перад Фондам сацыяльнай абароны насельніцтва.

У дачыненні да пяці кіраўнікоў і службовых асоб завялі 16 крымінальных спраў. Падазраваныя затрыманыя, на іх маёмасць і сродкі на рахунках кампаній накладзены арышт.

Чытайце таксама:

Ці можа таксіст адмовіцца везці пасажыра з лыжамі і санкамі? Можа, але не заўсёды

Ці законна таксі павышаюць цэны падчас снегападу?

У Баранавічах выкрылі фальшывыя курсы навучання таксістаў

Каментары да артыкула