Насельніцтва ЗША можа скараціцца ўпершыню ў гісторыі
Упершыню ў гісторыі ЗША можа адбыцца скарачэнне колькасці насельніцтва ўжо ў 2026 годзе. Да гэтага прывяла жорсткая міграцыйная палітыка прэзідэнта Дональда Трампа, адзначае агенцтва Bloomberg.
Фота: freepik.com
Раней Федэральнае бюро перапісу насельніцтва прагназавала, што зніжэнне колькасці жыхароў у ЗША пачнецца не раней за 2081 год. За ўсю гісторыю афіцыйных перапісаў у краіне такое скарачэнне ніколі не назіралася, бо ЗША заўсёды прыцягвалі мігрантаў, і гэта спрыяла росту насельніцтва.
Аналітыкі Амерыканскага інстытута прадпрымальніцтва і Брукінгскага інстытута адзначаюць, што ўжо ў 2026 годзе можа адбыцца першае рэальнае зніжэнне колькасці жыхароў.
Нават калі гэта не здарыцца дакладна ў гэтым годзе, другі прэзідэнцкі тэрмін Трампа, па іх словах, паскарае надыход крытычнага моманту: чысты прыток мігрантаў ужо не будзе кампенсаваць змяншэнне нараджальнасці і рост смяротнасці з-за старэння насельніцтва. Магчымае скарачэнне — больш за 400 тысяч чалавек.
Дэмаграфічныя праблемы могуць негатыўна ўплываць на эканоміку. Bloomberg прыводзіць прыклады Кітая, дзе ў 2025 годзе зафіксаваны самы нізкі ўзровень нараджальнасці з 1949 года, і Японіі, дзе скарачэнне насельніцтва тармозіць эканамічны рост. Падобныя працэсы ў Еўропе таксама лічацца фактарам эканамічнай стагнацыі.
Па даных Федэральнага бюро перапісу насельніцтва, па стане на 1 ліпеня 2025 года ў ЗША пражывала 341,8 мільёна чалавек, а на сённяшні дзень насельніцтва вырасла да 342,3 мільёна.