Сіла позірку: як 95 гадоў таму Чарлі Чаплін сыграў найвялікшую фінальную сцэну ў кіно
Праз дзевяноста пяць гадоў пасля выхаду на экраны нямую камедыю Чарлі Чапліна «Агні вялікага горада» называюць адным з найвялікшых фільмаў усіх часоў. Значнай ступенню гэтай славы стужка абавязаная геніяльнай фінальнай сцэне, піша Бі-бі-сі.
Калі ў 1966 годзе часопіс Life спытаў Чарлі Чапліна, які са сваіх фільмаў ён лічыць улюбёным, ён назваў менавіта «Агні вялікага горада», сціпла зменшыўшы ўласны ўнёсак словамі: «Думаю, гэта добры фільм, добра зроблены».
З моманту прэм’еры ў тэатры Лос-Анджэлеса 30 студзеня 1931 года кінаманы і рэжысёры былі значна больш шчодрымі на пахвалу рамантычнай стужцы, у якой персанаж Чапліна — Валацуга — закахаўся ў сляпую дзяўчыну — гандлярку кветкамі (Вірджынія Чэрыл), якая памылкова лічыць яго мільянерам.
Калі ў 1952 годзе Брытанскі інстытут кінамастацтва апублікаваў першы спіс найлепшых фільмаў усіх часоў, «Агні вялікага горада» занялі другое месца разам з фільмам Чапліна «Залатая ліхаманка» (1925).
Стэнлі Кубрык, Орсан Уэлс і Андрэй Таркоўскі называлі яго адным са сваіх улюбёных фільмаў, а сцэнарыст «Ночы паляўнічага» Джэймс Эйджы пісаў, што стужка змяшчае «найлепшую акцёрскую гульню і з’яўляецца вяршыняй» у гісторыі кінематографа.
Момант, пра які ідзе гаворка, — гэта самы фінал «Агнёў вялікага горада». Валацуга нарэшце ўз’ядноўваецца з дзяўчынай, якая цяпер бачыць, і проста глядзіць на яе, пакуль у кадры застаецца святло.
Гэты кадр утрымлівае настолькі чыстыя эмоцыі і простую кранальнасць, што ўжо шмат гадоў яго называюць найлепшым фіналам у гісторыі кіно.
За 95 гадоў з моманту выхаду «Агнёў вялікага горада» на экран многія спрабавалі аднавіць іх тонкае майстэрства і сілу акторскай ігры.
Да фінальнай сцэны фільма нас вядзе цэлая гісторыя.
Пасля таго як Валацуга даведваецца, што дзяўчыну хочуць выселіць з кватэры, ён спрабуе зарабіць і дворнікам, і баксёрам. Урэшце ён атрымлівае грошы ад п’янага мільянера, які, працверазеўшы, абвінавачвае Валацугу ў крадзяжы. Але перад арыштам той паспявае перадаць грошы дзяўчыне — яна можа заплаціць за кватэру і звярнуцца да доктара, які здольны вылечыць яе слепату.
Праз некалькі месяцаў, калі Валацугу вызваляюць з турмы, ён выяўляе, што дзяўчына цяпер не толькі бачыць, але і кіруе ўласнай, вельмі паспяховай кветкавай крамай.
Калі каля крамы з’яўляецца патрапаны Валацуга, дзяўчына пазнае яго, і на яе твары мы бачым глыбокую ўдзячнасць. Ён усміхаецца ў адказ — і на гэтым фільм заканчваецца.
Чарльз Марленд, аўтар кнігі «Класіка кіно», лічыць, што апошняя сцэна ў «Агнях вялікага горада» з’яўляецца выразным прыкладам майстэрства Чапліна як рэжысёра.
«Ён ведаў, як раскадраваць плёнку, каб узмацніць эмацыйны эфект сцэны. Камера пераходзіць ад сярэдняга плана да буйнага», — тлумачыць і адзначае, што Чаплін калісьці казаў: ён выкарыстоўвае агульныя планы для камедыі, а буйныя — для трагедыі і драмы.
«А яшчэ ёсць саўндтрэк — складаны, эмацыйны і такі, што прымушае задумацца», — дадае Марленд.
Але ўсе гэтыя прафесійныя прыёмы былі б марнымі без акторскай гульні Чапліна і Чэрыл, якая ўразіла сваім дэбютам у фільме «Агні вялікага горада».
Зняўшы некалькі дубляў іх апошняй размовы, Чаплін адчуў, што яны перастараліся — перайгралі і перабольшылі пачуцці, кажа Марленд.
Таму Чаплін вырашыў, што Валацуга павінен проста глядзець на Чэрыл больш уважліва. Паводле слоў Марленда, Чаплін аднойчы апісаў здымкі гэтай сцэны як «прыгожае адчуванне адсутнасці акторскай гульні, адчуванне знаходжання па-за сабой».
«Валацуга глядзіць на дзяўчыну і яму цікава, пра што яна думае. Гэта было так чыста».
Праз гады пасля выхаду «Агнёў вялікага горада» Чэрыл расказала Джэфры Вэнсу, аўтару кнігі «Чаплін: геній кіно», што ў Чапліна звычайна была сухая скура, але яна адчула, як яго далонь стала вільготнай, калі яны здымалі гэтую сцэну.
«Яна разумела, што з ім адбываецца нешта незвычайнае, — расказвае Вэнс BBC. — Яна іграла так, як ён хацеў, а ён рэагаваў інакш. Ён рэагаваў як персанаж».
Адной з галоўных прычын, чаму «Агні вялікага горада» маюць такі рэзананс на працягу дзесяцігоддзяў, з’яўляецца рашэнне Чапліна завяршыць фінальны эпізод яшчэ да таго, як мы зробім выснову, чым жа ўсё скончыцца.
Рамантыкі сцвярджаюць, што, нягледзячы на патрапаны выгляд і адсутнасць грошай у Валацугі, гандлярка кветкамі прымае яго ўсім сэрцам за тое, што ён для яе зрабіў.
Але ёсць і тыя, хто лічыць, што ў іх няма ніякага шанцу «пайсці разам у захад сонца».
«Я ўвогуле не лічу гэта рамантычным, — кажа Вэнс. — Мы бачым яе марнасць, калі да яе вяртаецца зрок. Яна глядзіцца ў люстэрка. Прычэсвае валасы. Яна расчараваная, што багаты мужчына — не ён. Калі яна ўпершыню бачыць Валацугу, яна фыркае і з жалю дае яму грошы».
Пераход ад радасці, жаху і сораму да захаплення — гульня Чапліна ў апошнія моманты фільма настолькі шматпластовая і тонкая, што гледачы самі могуць вырашаць, што будзе далей.
Складаная прастата
Калі 27 снежня 1928 года пачаліся здымкі «Агнёў вялікага горада», Чаплін быў самым вядомым чалавекам у свеце. Ён вырваўся з лонданскай беднасці і стаў мультымільянерам, які меў поўны творчы кантроль над сваімі фільмамі.
Настолькі, што, калі за 14 месяцаў да гэтага выйшаў першы гукавы фільм «Джазавы спявак», і Галівуд страціў цікавасць да нямога кіно, Чаплін змог настаяць, каб у «Агнях вялікага горада» не было дыялогаў.
«Ён быў непахісны ў тым, што Валацуга — герой нямога кіно», — кажа Вэнс.
«Але ён таксама разумеў, што павінен зняць ідэальны фільм. Ён адчуваў, што толькі так гледачы прымуць нямую стужку».
Чаплін настолькі хацеў зрабіць «Агні вялікага горада» бездакорнымі, што выдаткаваў год на перадпадрыхтоўку, а здымкі цягнуліся да верасня 1930 года.
Першая сустрэча Валацугі з гандляркай кветкамі, дзе яна памылкова прымае яго за мільянера, была настолькі важнай для Чапліна, што фільм дагэтуль з’яўляецца рэкардсменам Кнігі Гінеса па колькасці знятых дубляў адной сцэны — усяго 342 разы.
Але гэта было таго варта. «Агні вялікага горада» ў пракаце сабралі ўтрая больш за бюджэт фільма і на доўгія гады заваявалі любоў гледачоў.
За дзесяцігоддзі, што мінулі з таго часу, «Агні вялікага горада» аказаліся самым папулярным і прывабным фільмам Чапліна, хоць вострую сатыру «Новых часоў», захапляльны фінал «Вялікага дыктатара» і культавыя камедыйныя сцэны «Залатой ліхаманкі» таксама памятаюць да сёння.
«Як і раманы Дзікенса і п’есы Шэкспіра, фільмы Чапліна то ўваходзяць, то выходзяць з моды, — кажа Вэнс. — Але прыгажосць «Агнёў вялікага горада» ў іх прастаце. І Чаплін ведаў, што дасягнуць прастаты вельмі складана».
Сілу і паэзію «Агнёў вялікага горада» найлепш увасабляе фінальны вобраз Валацугі, поўнага надзеі і з усмешкай на твары — фінал, з якім за амаль сто гадоў і дзясяткі тысяч гукавых фільмаў не здолела зраўняцца ніводная іншая стужка.