У Валожынскім ешыбоце правялі старажытны абрад падпісання ктубы
У Валожыне правялі старажытны абрад падпісання шлюбнай дамовы — ктубы. Яго ўдзельнікамі стала пара з Мінска Эяль і Абігаль, паведамляе БелТА.
Упершыню ў гісторыі сучаснай Беларусі, і Валожына ў прыватнасці, дзе ў 2024 годзе пасля маштабнай рэканструкцыі быў адкрыты ешыбот (ешыва), адбыўся старажытны яўрэйскі абрад падпісання ктубы, або шлюбнай дамовы, як адна з найважнейшых частак вясельнай цырымоніі.
«Я быў уцягнуты непасрэдна ў працэс рэканструкцыі Валожынскага ешыбота, які быў адноўлены дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва вобласці ў 2024 годзе. І гэты аб’ект, што становіцца ўсё больш папулярным сярод турыстаў, хацелася напоўніць значнымі падзеямі, у тым ліку абрадамі жыццёвага цыкла. Тут у нас адбыліся першыя цырымоніі паўналецця, а потым адной з пар я прапанаваў падпісаць шлюбную дамову, або ктубу», — распавёў галоўны рабін рэлігійнага аб’яднання абшчын прагрэсіўнага юдаізму ў Беларусі Рыгор Абрамовіч.
На падпісанне ў Валожын прыехала пара з Мінска — Эяль і Абігаль, шматдзетныя бацькі, саюз якіх быў афіцыйна зарэгістраваны дзяржавай.
Аднак да моманту падпісання шлюбнай дамовы як факта ўсведамлення духоўнай роднасці спатрэбіліся гады.
«Для нас гэта вялікі гонар і неверагодная ўдача, што падпісанне ктубы адбылося ў такім святым месцы, як Валожынскі ешыбот. У ім кожная цаглінка, кожны элемент захоўвае водгалас мінулых эпох, што надало цырымоніі асаблівае гучанне. Мы прайшлі вялікі шлях да гэтага моманту. Гэта няпростае рашэнне і вялікая адказнасць», — распавяла Абігаль, адзначыўшы, што гэта быў іх першы візіт у Валожын.
«Хочацца, каб сіла і прыгажосць гэтай зямлі аберагала і нашу сям’ю», — падкрэсліла Абігаль.
Эяль падзяліўся, што спецыяльна да цырымоніі пара падрыхтавала нацыянальныя яўрэйскія касцюмы, у якіх у суправаджэнні музычнага калектыву быў выкананы танец ужо законных перад Усявышнім сужэнцаў.
У сваю чаргу Рыгор Абрамовіч падкрэсліў, што правядзенне абраду ктубы — гэта адзін з фактараў умацавання традыцыйнай сям’і, а таксама адна з умоў развіцця рэлігійнага турызму. Сёння Валожынскі ешыбот прыцягвае гасцей з розных куткоў свету.
«Падпісанне ктубы пакуль не стала традыцыйным — для гэтага патрэбны час. Аднак я ўсё больш упэўніваюся, што Валожын стане месцам прыцягнення турыстаў, у тым ліку і з мэтай правядзення абрадаў жыццёвага цыкла. А яго выдатная інфраструктура дазваляе правесці шлюбную цырымонію ў поўным аб’ёме», — адзначыў ён.