Бабарыка заявіў пра вяртанне ў палітыку і назваў вінаватага ў тым, што змены не адбыліся ў 2020-м
«Без процівагі «ўсходняму суседу» амаль немагчыма забяспечыць здабыццё гэтых змен». Экс-прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Віктар Бабарыка апублікаваў у фэйсбуку пост, у якім расказаў пра свае ўражанні пасля паўтара месяца на свабодзе, а таксама паабяцаў план дзеянняў — для сябе і для беларусаў.
Пасля працяглай адсутнасці ў «рэальным свеце» і знаходзячыся цяпер у вымушанай эміграцыі, я ўбачыў карціну свету, які істотна змяніўся.
1. Знікла разнастайнасць «фарбаў», якімі людзі ганарыліся і ў якіх знаходзілі радасць жыцця. Засталося толькі белае або чорнае, свой або чужы, сябар або вораг. Дамінуюць прынцыпы: «хто мацнейшы, той і мае рацыю»; кожны сам за сябе, а любую праблему можна вырашаць не праз дасягненне агульнага кампрамісу, які абапіраецца на адзіную аснову, а шляхам узброенага супрацьстаяння. Вынік перамогі такіх правіл — развязванне Расіяй вайны, ад якой зараз пакутуе ўкраінскі народ, а нашая краіна стала суўдзельніцай агрэсара.
2. Беларусы былі фізічна падзеленымі на тых, хто ўнутры, і тых, хто па-за краінай. Ствараецца ўражанне, што гэтыя дзве групы маюць розныя болі і інтарэсы, што яны не чуюць і не разумеюць адна адну. Больш за тое, нават унутры гэтых «раздзеленых беларусаў» няма адзінства і згоды.
3. Ёсць выразна акрэсленая мэта рэжыму, які захаваўся ў Беларусі, — утрыманне ўласнай улады і той скажонай «стабільнасці», якая дазваляе рабіць усё дзеля дасягнення гэтай мэты. У гэтым рэжыму вельмі моцна дапамагае «ўсходні саюзнік», які дае ўсе магчымыя сродкі: эканамічныя, палітычныя, ваенныя, сілавыя і г. д.
4. У беларусаў, якія не прымаюць «аптымізм» існуючага рэжыму, няма адзінага разумення агульнага вобраза будучыні.
5. Няма адзінага меркавання Еўропы адносна Беларусі і яе магчымасцяў падтрымаць рух да неабходных змен. А без процівагі «ўсходняму суседу» практычна немагчыма забяспечыць дасягненне гэтых змен. Гэта ярка паказаў 2020 год, калі мы былі вельмі блізкія да рэалізацыі нашай праграмы пераменаў, але менавіта дзеянні Расіі сталі галоўным «аргументам» у барацьбе рэжыму тады і застаюцца яго апорай сёння.
Але я не згодны з тым, што сённяшняя карціна свету — адзіна магчымая і правільная. Яна не грунтуецца на агульначалавечых каштоўнасцях, якія мне блізкія і якія застаюцца нязменнымі на працягу многіх стагоддзяў.
Калі мы гаворым пра агульны для беларусаў вобраз будучыні, важна разумець: гаворка ідзе не пра вяртанне да ранейшага стану, а пра фарміраванне ўмоў для свабоднай, незалежнай і бяспечнай краіны, дзе ў кожнага ёсць магчымасць рэалізаваць сябе і пабудаваць свой дабрабыт. Такога стану спраў у Беларусі не было раней і не існуе цяпер.
Я разумею, што пры адзінай мэце шляхі яе дасягнення могуць разыходзіцца, але гэта не абясцэньвае саму ідэю. Кожны можа ісці сваім шляхам і сваім тэмпам, але мэта застаецца адна — стварэнне ўмоў для развіцця Беларусі.
Я ведаю, што вельмі часта менавіта спосабы дасягнення агульнай мэты становяцца прычынамі разрываў і супрацьстаянняў, але гэта не змяняе майго стаўлення да прынцыпаў, якія мне блізкія.
Сумны досвед апошніх гадоў толькі пацвердзіў: знешні свет — гэта толькі памежныя ўмовы для тваёй фізічнай свабоды. Безумоўна, ён вельмі важны, бо вызначае твае магчымасці, але ён не павінен прыводзіць да адмовы ад сістэмы каштоўнасцяў, якой ты прытрымліваешся.
На сённяшні дзень у мяне няма дакладнага плана дзеянняў — ні сваіх, ні вашых, але я пачынаю рух у напрамку яго фармавання. Думаю, што шмат часу на гэта не спатрэбіцца. Дакладна не гады.
І напрыканцы хачу сказаць наступнае: галоўнае не тое, хто будзе прэзідэнтам і якой будзе наша новая Беларусь. Галоўнае — стварыць умовы, пры якіх беларусы самі змогуць вырашаць гэтыя і іншыя важныя для іх пытанні, што вызначаюць лёс кожнага асобна і агульны лёс беларусаў.