БЕЛ Ł РУС

Па сённяшнім дні вызначалі, калі прыйдзе вясна

2.02.2026 / 08:34

Nashaniva.com

Усё таму, што сёння Дзень сурка, або каталіцкія Грамніцы.

Той самы Філ. Фота: Barry Reeger / AP

У мас-культуры сёння — Дзень сурка, які стаў вядомы дзякуючы аднайменнаму амерыканскаму фільму з Білам Мюрэем і сурком Філам у галоўных ролях. Традыцыі даставання сурка ў штаце Пенсільванія ўжо амаль 140 гадоў.

Лічыцца, што вясна будзе ранняй, калі сурок Філ вылезе з нары і не спалохаецца свайго ценю (будзе пахмурна), інакш вясны прыйдзецца чакаць яшчэ шэсць тыдняў.

Але ў нас зусім іншае надвор'е і кліматычныя ўмовы. Як быць? У каталікоў (і праваслаўных, якія жывуць па новаюліянскім календары) сёння — Грамніцы і свае прыкметы.

Ва Украіне варожаць па сурках Вікенцію і Цімко, у Літве па барсуках у Жагарскім рэгіянальным парку.

Лічыцца, што калі барсук выйшаў з нары і пачаў гуляць па ваколіцах, значыць, вясна ў нашым рэгіёне будзе ранняй. У Літве нават адзначаецца адмысловы Дзень барсука 25 студзеня.

У Беларусі на сённяшні дзень былі свае прыкметы. «Як на Грамніцы певень нап’ецца вадзіцы, дык на Юр’я [6 мая па новым стылі] вол наесца травіцы»,

«Як на Грамніцы адліга, з ураджаю будзе хвіга» (калі сёння адліга, то вясна ранняя, а яна не спрыяе добраму ўраджаю, бо рана высыхае зямля).

Але зараз стаяць лютыя халады, сёння ноччу фіксавалася нават мінус 30.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула