БЕЛ Ł РУС

Дзясяткі кажаноў выкінулі на снег каля гімназіі ў Салігорску. І што цяпер?

2.02.2026 / 22:51

Nashaniva.com

Раніцай 2 лютага ў двары гімназіі №1 у Салігорску людзі ўбачылі жахлівую карціну: на снезе, у люты мароз, ляжалі некалькі дзясяткаў кажаноў. Як яны там апынуліся — дакладна невядома.

Гімназія №1 у Салігорску і кажаны на снезе. Фота: сацсеткі «Кажанаполісу»

Але іх далейшы лёс, хутчэй за ўсё, прадказальны: у такіх умовах жывёлы не выжываюць.

Гэта не адзінкавы выпадак і не прыродная анамалія. Паводле эколагаў, такія сітуацыі ў Беларусі адбываюцца амаль штогод — асабліва ўзімку.

Экалог і экспертка Альянса «Зялёная Беларусь» Інэса Балоціна тлумачыць:

«Такія выпадкі, на жаль, сустракаюцца ў Беларусі рэгулярна. Апошні падобны інцыдэнт быў напрыканцы лістапада 2025 года ў Брэсце: каля шматпавярховіка знайшлі некалькі дзясяткаў выкінутых кажаноў. Тады было цяплей, частку з іх удалося выратаваць».

Паводле спецыялісткі, у Беларусі налічваецца 19 відаў кажаноў, 8 з іх занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі і ахоўваюцца законам, ім пагражае знікненне.

Чаму кажаны зімуюць у гарадах

Узімку кажаны не лятаюць і не палююць. Яны ўпадаюць у стан глыбокай спячкі: тэмпература цела зніжаецца, дыханне і сэрцабіцце запавольваюцца, арганізм эканоміць энергію.

Для зімоўкі ў горадзе яны часта выбіраюць балконы, лоджыі, гарышчы, сутарэнні, шчыліны ў сценах.

«Падчас зімоўкі кажаны найбольш уразлівыя. Калі іх у такім стане выкінуць на вуліцу, яны загінуць ад холаду», — падкрэслівае Інэса Балоціна.

Менавіта таму фразы накшталт «яны самі паляцяць» або «мы іх проста выпусцілі» зімой азначаюць адно — смяротны прысуд для жывёл.

Выпадак у Салігорску — не выключэнне. За апошнія гады ў Беларусі фіксавалі выкідванне кажаноў падчас рамонтаў у жылых дамах, знішчэнне калоній у падвалах і на гарышчах.

Часам кажаноў удаецца выратаваць, калі людзі своечасова звяртаюцца да спецыялістаў. Але ў моцныя маразы, як цяпер, шанцаў амаль няма.

Што рабіць, калі вы знайшлі кажаноў

У Беларусі ўжо некалькі гадоў працуе Цэнтр рэабілітацыі рукакрылых «Кажанаполіс». Асабліва актыўна ён дзейнічае з восені да вясны.

Калі падчас рамонту або выпадкова ў сваім доме вы знайшлі кажаноў, не дакранайцеся да іх і не выкідайце на двор, а лепш звяжыцеся з валанцёрамі «Кажанаполіса» (у сацсетках праекта пазначаны тэлефон: +375 29 213 92 57). Там жывёл змяшчаюць у спецыяльным халадзільніку ў спальных мяшэчках, дзе яны бяспечна перазімуюць, а вясной іх выпускаюць у прыроду. 

Кажаны — не «шкоднікі», а важная частка экасістэмы. Яны знішчаюць насякомых, у тым ліку шкоднікаў сельскай і лясной гаспадаркі. Яны не агрэсіўныя і, насуперак распаўсюджаным уяўленням, не нападаюць на чалавека і не грызуць электрычныя правады.

Акрамя таго, знішчэнне некаторых відаў кажаноў — гэта парушэнне закону. За гібель жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу, прадугледжаныя штрафы, адміністрацыйная, а ў выпадку масавай гібелі — нават крымінальная адказнасць. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула