За рулём дыпламатычнай машыны, якая сутыкнулася з паліцэйскім аўто ў Беластоку, быў консул Беларусі ў Аўстрыі
Кіроўцам аўтамабіля з дыпламатычнымі нумарамі, які 1 лютага стаў удзельнікам ДТЗ з машынай польскай паліцыі ў Беластоку, быў консул Беларусі ў Аўстрыі. Пра гэта паведаміла газета Wyborcza са спасылкай на паліцыю Падляшскага ваяводства, піша «Белсат».
Месца ДТЗ. Фота: Падляшская паліцыя
Паводле слоў прадстаўніцы паліцыі Агнешкі Ульман, 47‑гадовы мужчына сам прадставіўся беларускім консулам.
Аварыя адбылася каля 6:30 раніцы 1 лютага на кальцавой развязцы вуліц Палескай і Юравецкай. Машына дыпкорпуса не саступіла дарогу і сутыкнулася з паліцэйскім аўтамабілем.
У выніку здарэння пацярпела супрацоўніца паліцыі — яе даставілі ў бальніцу, але пасля агляду адпусцілі. Абодва кіроўцы былі цвярозыя, ніхто не спрабаваў уцячы з месца аварыі. Кіроўцу аўтамабіля дыпкорпуса вынеслі папярэджанне.
Як адзначае «Белсат», Беларусь мае амбасаду ў Аўстрыі і амбасадара — 62‑гадовага Андрэя Дапкюнаса. Консулам на сайце амбасады пазначаны першы сакратар Андрэй Мароз, але ягонае імя ёсць толькі на беларускай і англійскай версіях старонак, няма на рускай і нямецкай.
Міністэрства замежных спраў Беларусі, а таксама амбасады Беларусі ў Польшчы і Аўстрыі пра гэта дарожнае здарэнне не паведамлялі.
Чытайце таксама:
Памёр экс-намеснік міністра культуры, дыпламат Васіль Чэрнік