БЕЛ Ł РУС

Некалькі былых палітвязняў прыйшлі на акцыю памяці загінулых добраахвотнікаў з плакатамі супраць Ціханоўскай

3.02.2026 / 00:35

Nashaniva.com

Яны дэманстратыўна адвярнуліся ад Анатоля Лябедзькі, які прамаўляў са сцэны. «Б — барацьба», — іранічна пракаментаваў сітуацыю былы палітвязень Ігар Лосік.

Фота: Дзмітрый Казлоў, facebook.com

У Вільні адбылася акцыя памяці загінулых ва Украіне беларускіх добраахвотнікаў. На ёй прамаўляў дарадца Святланы Ціханоўскай Анатоль Лябедзька — сам былы палітвязень, сын якога зараз знаходзіцца ў калоніі па палітычным абвінавачванні. 

Падчас яго выступу некалькі былых палітвязняў развярнуліся спінай да Лябедзькі, трымаючы плакаты «Досыць пустых слоў», «Як Офіс дапамагае палітвязням у Беларусі?» і «Чым Офіс дапамог» з прымацаванымі партрэтамі Васіля Верамейчыка, а таксама ўзятых у палон Яна «Тромблі» Дзюрбейкі і Сяргея «Кляшча» Дзёгцева, лёс якіх невядомы з 2022 года.

У каментарах у фэйсбуку пад допісам Дзмітрыя Казлова (блогер Шэры Кот) развярнулася актыўная дыскусія.

«Б — барацьба», — напісаў былы палітвязень Ігар Лосік. «Можа, трошкі не з тымі змагаецеся? Як гэта крынжова…», — мяркуе хрысціянскі дэмакрат Дзяніс Садоўскі. «Вельмі кепска, што на такую акцыю прыйшлі з гэтымі разборкамі», — працягнуў белсатавец Яраслаў Сцешык. «Спадзяюся, вашай дзейнасцю хутка зоймуцца адпаведныя літоўскія службы. Бо тлумачыць гэта проста дурасцю ўжо харэ», — дадаў яшчэ адзін белсатавец Зміцер Міцкевіч.

Сам Дзмітрый Казлоў падтрымаў акцыю. Спадабалася яна і былому палітвязню Сяргею Коршуну. Ён мяркуе, што падобныя флэшмобы трэба запускаць і ў Варшаве.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула