Калеснікава адказала, ці праўда, што яна схуднела да 45 кг у калоніі
Марыя Калеснікава дала вялікае інтэрв'ю расійскаму блогеру Юрыю Дудзю. Сярод іншага ён спытаў яе, ці праўда, што яна схуднела да 45 кг пры росце 176 см, як тое расказвала сястра Марыі Таццяна Хоміч.
— Праўда ў тым, што я сапраўды вельмі моцна схуднела, але не да 45 кг. Я дакладную лічбу назваць не магу, але не 45, гэта дакладна. Але моцна схуднела, так, быў такі момант, — адказала Калеснікава.
Паводле яе слоў, гэта было пасля аперацыі праз язву — яна доўга не магла аднавіцца. Па словах Марыі, ёй даводзілася доўгі час есці дзіцячае харчаванне для таго, каб аднавіць арганізм.
Ёйны тата змог перадаць ёй медыцынскую перадачу з дзіцячым харчаваннем на 30 кг. «І некалькі месяцаў гэта было маім асноўным харчаваннем», — расказала яна.