«Вы ашалелі! Колькі мы трацім грошай!» Лукашэнка даручыў зменшыць асвятленне на вуліцах
Аляксандр Лукашэнка падчас нарады па развіцці Віцебскай вобласці зладзіў чарговы разнос за негаспадарлівасць: ён абурыўся, што ліхтары на вуліцах гараць занадта доўга, і запатрабаваў перайсці ў рэжым жорсткай эканоміі, прыгразіўшы чыноўнікам вайной і штурмавымі атрадамі.
Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях развіцця Віцебскай вобласці, падняў пытанне вулічнага асвятлення. Паводле яго слоў, зараз раніцай яно адключаецца занадта позна, а ўключаецца занадта рана, калі на вуліцы і так дастаткова светла.
«Выеду ў Астрашыцкім гарадку, да прыкладу, і ў іншых вёсках. Учора а шостай гадзіне вечара ўся Мінская вобласць свеціцца. Гараць агні. І гэта характэрна для ўсіх. Крыўдуйце самі на сябе. Будзеце плаціць як мінімум са сваёй кішэні. Усе на вуліцах ліхтары ўключаны, усё ззяе. Мінская вобласць і туды далей — усё гарыць. А шостай гадзіне вечара. Навошта? Ужо а палове восьмай можна адключыць раніцай святло на вуліцы, асабліва цяпер, калі святла шмат. Не — усе ліхтары гараць», — сказаў ён.
Лукашэнка распавёў, што даручыў разабрацца з гэтым пытаннем. Як яму далажылі, нібыта некарэктна працуюць фотаэлементы. «Лухта поўная. Адрэгулюйце гэтыя фотаэлементы, каб электрычнасць аўтаматычна з штучным вашым інтэлектам адключалася а 7‑й гадзіне раніцы. І загаралася святло не а шостай гадзіне вечара, а ў восем. Палічыце — 4‑5 гадзін [лішніх] гарыць уся краіна, свеціцца. Колькі мы трацім грошай! Вось вашы падыходы», — абураўся ён.
«Вы ашалелі. Вы роўна краіну хочаце прывесці да вайны. Ну дык майце на ўвазе, што нам жа наперадзе прыйдзецца ісці. Вам у штурмавых атрадах прыйдзецца», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Днямі ён загадаў знізіць тэмпературу падачы цепланосьбіта ў кватэры. Мінэнерга загад выканала і падкрэсліла, што людзі павінны з разуменнем ставіцца да зніжэння тэмпературы ў кватэрах.
{POLL#1262}