Ілан Маск аб'ядноўвае Space X і xAI для стварэння дата-цэнтраў у космасе
Мультымільярдэр Ілан Маск аб’ядноўвае дзве свае кампаніі — SpaceX і xAI, у выніку чаго з’явіцца гігант з ацэненай вартасцю каля 1,25 трыльёна даляраў. З гэтай сумы прыкладна 1 трыльён прыпадае на SpaceX, а яшчэ 250 мільярдаў — на кампанію xAI. Менавіта такія лічбы былі агучаныя супрацоўнікам у пачатку тыдня, паведамляе Bloomberg.
Ілан Маск. Фота: Beata Zawrzel / NurPhoto via Getty Images
«SpaceX набыла xAI, каб стварыць самую амбіцыйную вертыкальна-інтэграваную інавацыйную платформу на Зямлі (і за яе межамі), якая аб'ядноўвае штучны інтэлект, ракеты, касмічны інтэрнэт, прамую сувязь з мабільнымі прыладамі, а таксама вядучую ў свеце платформу для абмену інфармацыяй у рэальным часе і свабоднага выказвання меркаванняў», — гаворыцца ў паведамленні, размешчаным вечарам панядзелка на сайце SpaceX.
Сам Ілан Маск патлумачыў, што ключавая ідэя аб’яднання ў тым, што ўжо праз два—тры гады найбольш танныя вылічэнні для штучнага інтэлекту можна будзе праводзіць менавіта ў космасе.
«Магчымасці, якія мы адкрыем са стварэннем касмічных дата-цэнтраў, дазволяць фінансаваць і забяспечваць работу самаразвіццёвых баз на Месяцы, новай цывілізацыі на Марсе і, у рэшце рэшт, экспансію да маштабаў Сусвету», — лічыць Маск.
Паводле крыніц Bloomberg, аб’яднаная кампанія плануе выйсці на біржу з IPO пазней у гэтым годзе.
Раней Financial Times пісала, што SpaceX разглядала магчымасць правядзення IPO ўжо ў чэрвені з аб’ёмам прыцягнення каля 50 мільярдаў даляраў і агульнай капіталізацыяй да 1,5 трыльёна. Калі б гэта адбылося, такое размяшчэнне стала б найбуйнейшым IPO ў гісторыі.
Чытайце таксама:
Ілан Маск назваў Радаслава Сікорскага «слінявым ідыётам»
Завод Tesla цалкам пераабсталююць пад вытворчасць чалавекападобных робатаў