БЕЛ Ł РУС

Вясковец з-пад Бабруйска імітаваў сваю смерць, каб не плаціць пазыкі, а пасля загінуў на вайне за Расію

4.02.2026 / 09:00

Nashaniva.com

Спачатку 31‑гадовага Леаніда Скробатава кантузіла на перадавой. Калі падлячылі, зноў адправілі на фронт. А там і імітаваць смерць не спатрэбілася.

Леанід Скробатаў на вайне. Фота з ягонай старонкі ў Аднакласніках

Леанід Скробатаў нарадзіўся ў вёсцы Шчаткава пад Бабруйскам 16 снежня 1994 года.

Яшчэ ў маладосці, у 2014 годзе, ён трапіў у поле зроку сілавікоў: хлопца абвясцілі ў вышук за тое, што быў вінен дзяржаве каля $10 тысяч.

Скробатаў спрабаваў схавацца арыгінальным чынам — пісаў у сацсетках допісы «Я памёр» і «Леаніда Скробатава больш не існуе», спадзеючыся ўвесці міліцыянераў у зман. Паралельна ён стварыў некалькі фэйкавых старонак.

Скрыншоты з сацсетак Леаніда Скробатава

Гэта не дапамагло: яго знайшлі і прысудзілі хімію.

Пасля адбыцця пакарання Леанід працаваў будаўніком, ездзіў на шабашкі ў Расію. Паспеў прайсці тэрміновую службу ў вайсковай часці 12147.

У 2022 годзе беларус канчаткова перабраўся ў Расію. Спачатку шукаў жыллё ў Маскве, пасля асеў у Краснадары. Ён працягваў працаваць на будоўлях, пакуль не вырашыў змяніць рыштунак на вайсковую форму.

Леанід Скробатаў на працы ў Расіі ў 2022 годзе. Фота з ягоных сацсетак

Летам 2024 года Скробатаў завербаваўся на вайну супраць Украіны. У снежні 2024 года беларус трапіў у шпіталь з кантузіяй.

Скробатаў у бальніцы. Фота з сацсетак

Але пасля лячэння яго вярнулі на перадавую. Апошні раз Скробатаў быў анлайн у сакавіку 2025 года. Пра смерць найміта стала вядома толькі ў лістападзе 2025-га.

Чытайце таксама:

23‑гадовы рэпер з Астраўца загінуў за Расію на вайне. Паваяваў ён, відаць, каля месяца

Не прабыў на фронце і пяці дзён, застаўся толькі абгарэлы труп. У вайне супраць Украіны загінуў ураджэнец Светлагорскага раёна

Камуніст з Гомеля запісаўся добраахвотнікам на вайну на баку Расіі. І загінуў

Каментары да артыкула