Справу журналіста Паўла Дабравольскага накіравалі ў суд
Як стала вядома Беларускай асацыяцыі журналістаў, следчыя дзеянні ў дачыненні да палітзняволенага журналіста Паўла Дабравольскага скончаныя і крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 356 КК РБ перададзеная ў Мінскі гарадскі суд.
Павел Дабравольскі ў аргенцінскай Кардове. Фота: інстаграм Паўла
Судовы працэс, як мяркуецца, пачнецца напрыканцы лютага. Павел Дабравольскі абвінавачваецца ў «здрадзе дзяржаве» і яму пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.
Увосень 2025 года Павел Дабравольскі быў пераведзены з СІЗА КДБ у СІЗА № 1 у Калядзічах.
Паводле звестак БАЖ, абвінавачанне ў «дзяржаўнай здрадзе» звязанае з журналісцкімі публікацыямі Дабравольскага. Раней ён працаваў як на беларускія, так і на замежныя СМІ, у тым ліку на ўкраінскі часопіс NV.ua (да пачатку поўнамаштабнага вайсковага ўварвання Расіі). Апошняе месца працы ў Беларусі — незалежная інфармацыйная кампанія БелаПАН.
Павел Дабравольскі быў затрыманы ў Мінску 22 студзеня 2025 года — праз некалькі месяцаў пасля вяртання на радзіму.
З Беларусі Павел з’ехаў на пачатку восені 2021 года. Паводле інфармацыі на яго старонках у сацыяльных сетках, пасля ад’езду падарожнічаў па свеце: аб’ехаў шэраг еўрапейскіх краін, быў у Іране, Расіі, краінах Паўднёвай Амерыкі. У кастрычніку 2024 года вярнуўся ў Мінск.
Падчас паслявыбарчых пратэстаў 2020 года Паўла Дабравольскага затрымлівалі і прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці ў сувязі з ажыццяўленнем прафесійнай дзейнасці. 30 кастрычніка 2020 года журналіст быў затрыманы ў сваёй кватэры і затым арыштаваны на 15 сутак паводле абвінавачання ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу.
Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Паўла Дабравольскага палітычным вязнем.
12 студзеня за кратамі СІЗА ён сустрэў свае 36 гадоў.
Чытайце таксама:
Журналіста Паўла Дабравольскага абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве»
Стала вядома пра арышт журналіста Паўла Дабравольскага
«Я ўпершыню ў жыцці ўбачыў пісталет каля сваёй галавы». Беларуса абрабавалі ў Буэнас-Айрэсе