Дзясяткі кажаноў выкінулі на снег каля гімназіі ў Салігорску. Што было далей
Раніцай 2 лютага ў двары гімназіі №1 у Салігорску людзі ўбачылі жахлівую карціну: на снезе, у люты мароз, ляжалі некалькі дзясяткаў кажаноў. Як яны там апынуліся, расказала мясцовае выданне «Шахцёр».
Як пракаментавалі выданню ва ўпраўленні па адукацыі Салігорскага райвыканкама, 2 лютага а 7:30 у кабінеце рускай мовы на другім паверсе пры ўключэнні святла пабачылі скразную дзірку ў сцяне пад падаконнікам.
На падлозе і на стале каля дзіркі былі сляды жыццядзейнасці жывёл, стаялі непрыемны пах і піск, чуліся гукі валтузні.
Імаверна, кажаны, якія зімавалі на фасадзе будынка гімназіі, у моцны мароз пачалі імкнуцца да цяпла ад батарэі і прагрызлі ўцяпляльнік пад аконнай рамай, патлумачылі чыноўнікі.
Настаўнікі звярнуліся ў МНС. Праз гадзіну тыя прыехалі. Агледзеўшы месца здарэння, яны дасталі з дзіркі каля 230 кажаноў.
Работнікі гімназіі сабралі жывёл, паклалі ва ўцепленыя скрыні і завезлі да цеплатрасы, сцвярджаюць ва ўпраўленні адукацыі.
Што рабіць, калі вы знайшлі кажаноў
У Беларусі налічваецца 19 відаў кажаноў, 8 з іх занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі і ахоўваюцца законам, ім пагражае знікненне.
У Беларусі ўжо некалькі гадоў працуе Цэнтр рэабілітацыі рукакрылых «Кажанаполіс». Асабліва актыўна ён дзейнічае з восені да вясны.
Калі падчас рамонту або выпадкова ў сваім доме вы знайшлі кажаноў, не дакранайцеся да іх і не выкідайце на двор, а лепш звяжыцеся з валанцёрамі «Кажанаполіса» (у сацсетках праекта пазначаны тэлефон: +375 29 213 92 57). Там жывёл змяшчаюць у спецыяльным халадзільніку ў спальных мяшэчках, дзе яны бяспечна перазімуюць, а вясной іх выпускаюць у прыроду.
Кажаны — не «шкоднікі», а важная частка экасістэмы. Яны знішчаюць насякомых, у тым ліку шкоднікаў сельскай і лясной гаспадаркі. Яны не агрэсіўныя і, насуперак распаўсюджаным уяўленням, не нападаюць на чалавека і не грызуць электрычныя правады.
Акрамя таго, знішчэнне некаторых відаў кажаноў — гэта парушэнне закону. За гібель жывёл, занесеных у Чырвоную кнігу, прадугледжаныя штрафы, адміністрацыйная, а ў выпадку масавай гібелі — нават крымінальная адказнасць.