БЕЛ Ł РУС

Паліцыя пацвердзіла, што на Кіпры знайшлі цела Баўмгертнера

4.02.2026 / 13:28

Nashaniva.com

На Кіпры выявілі цела экс-кіраўніка «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнера. Гэта пацвердзіла мясцовая паліцыя.

Раней пра тое, што на Кіпры знайшлі мёртвым экс-кіраўніка «Уралкалія», паведамлялі СМІ. У паліцыі заяўлялі, што для ўстанаўлення асобы трэба правесці экспертызы. Цяпер стаў вядомы вынік. 

Прычыны смерці невядомыя. 

Баўмгертнер шмат гадоў таму быў звязаны адным з эпізодаў сваёй біяграфіі з Беларуссю. Калі ў 2013 годзе ён прыляцеў у Беларусь па запрашэнні тагачаснага прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, яго арыштавалі. Трымалі ў СІЗА КДБ.

Ягонаму арышту папярэднічаў беларуска-расійскі калійны канфлікт, які пачаўся пасля таго, як «Уралкалій» абвясціў пра спыненне продажаў праз сумеснае з Беларуссю ЗАТ «Беларуская калійная кампанія». Праз гэтага трэйдара ажыццяўлялі продажы і «Уралкалій», і дзяржпрадпрыемства «Беларуськалій». Пры гэтым абодва бакі абвінавачвалі адзін аднаго ў няўзгодненых продажах у абыход БКК. 

Першапачаткова Баўмгертнера абвінавацілі ва злоўжыванні ўладай і службовымі паўнамоцтвамі, затым абвінавачванне было дапоўнена крадзяжом. Пасля бізнэсмена дэпартавалі ў Расію, дзе ў дачыненні да яго таксама была распачата крымінальная справа. Пазней справу закрылі «ў сувязі з адсутнасцю ў яго дзеяннях складу злачынства».

У 2015‑2017 гадах Баўмгертнер працаваў на пасадзе гендырэктара партовай кампаніі Global Ports. Пасля ўзначальваў швейцарскую кампанію Alevo.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула