У Варшаве за працу на расійскую разведку затрымалі супрацоўніка Мінабароны Польшчы
У Варшаве затрымалі супрацоўніка Міністэрства абароны Польшчы, якога падазраюць у шпіянажы. Пра гэта 3 лютага паведаміла само ведамства. Затрыманне адбылося непасрэдна ў будынку міністэрства.
Фота ілюстрацыйнае
Паводле афіцыйнай інфармацыі, мужчыну падазраюць у супрацоўніцтве з замежнай разведкай, аднак іншых дэталяў у Мінабароны не раскрылі.
У той жа час польскае выданне Onet.pl са спасылкай на сваю крыніцу ўдакладніла, што гаворка ідзе пра 60‑гадовага мужчыну, які больш за 30 гадоў працаваў у сістэме Міністэрства абароны і быў цывільным службоўцам. Следства лічыць, што ён падтрымліваў кантакты з прадстаўнікамі расійскай і беларускай спецслужбаў і нават сустракаўся з імі асабіста.
Паводле інфармацыі Onet, яшчэ ў 2021 годзе Служба вайсковай контрразведкі Польшчы праводзіла праверку гэтага супрацоўніка, але тады нічога падазронага выяўлена не было.
На прэс-канферэнцыі 4 лютага прэс-сакратар міністра — каардынатара польскіх спецслужбаў Яцак Дабжыньскі пацвердзіў, што затрыманы сапраўды быў цывільнай асобай і шмат гадоў працаваў у структурах Мінабароны. Ён таксама адзначыў, што мужчына доўгі час знаходзіўся пад аператыўным наглядам контрразведкі, але не займаў высокую пасаду.
Паводле Onet, супрацоўніку ўжо выставілі абвінавачанні. Яго перадалі ў распараджэнне вайсковай пракуратуры, а ў выпадку прызнання віны за працу на карысць замежнай разведкі яму пагражае працяглы тэрмін пазбаўлення волі.