Лідары Латвіі і Эстоніі заклікалі прызначыць спецпасланніка ЕС для кантактаў з Крамлём
Прэм’ер-міністр Латвіі Эвіка Сіліня і прэзідэнт Эстоніі Алар Карыс заклікалі прызначыць спецыяльнага прадстаўніка ЕС, які заняўся б аднаўленнем дыпламатычных каналаў з Расіяй. Пра гэта палітыкі заявілі ў асобных інтэрв’ю тэлеканалу Euronews.
Алан Карыс і Эвіка Сіліня. Скрыншот відэа Euronews / AP
На думку лідараў балтыйскіх краін, такі крок неабходны ў межах абмеркавання спынення вайны ва Украіне. Прызнанне спецпасланніка дазволіць Еўрапейскаму саюзу атрымаць права голасу за сталом перамоваў, якія цяпер вядуцца пераважна паміж Вашынгтонам, Кіевам і Масквой.
«Заўсёды трэба размаўляць, але нам неабходна ізаляваць Расію і па-ранейшаму ўжываць супраць яе санкцыі. Мы павінны быць за сталом перамоваў, бо ўкраінцы самі пачалі перамовы. Дык чаму еўрапейцы не павінны іх весці?» — заявіла Сіліня.
Гэтыя заявы сведчаць пра змену стратэгічнага падыходу Еўропы: у ЕС занепакоеныя тым, што саюз фактычна адхілены ад непасрэдных дыскусій у межах мірнага працэсу, які ўзначальваюць ЗША.
Пры гэтым Сіліня і Карыс падкрэслілі, што любыя кантакты з Масквой павінны адбывацца толькі пасля кансультацый з Украінай, а кандыдатура будучага перамоўшчыка павінна быць кампраміснай фігурай, прымальнай для ўсіх краін-членаў ЕС.
Раней з аналагічнай ініцыятывай выступіў прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон. Паводле яго слоў, праца па прызначэнні спецпасланніка ўжо пачалася на «тэхнічным узроўні». Ідэю таксама падтрымала прэм’ер-міністр Італіі Джорджа Мелоні.
Улетку 2025 года, калі ідэю ўпершыню вылучылі, большасць еўрапейскіх лідараў лічылі такі крок немэтазгодным, аднак цяпер пазіцыя Бруселя змяняецца, адзначае Euronews.